Мітрапаліт Павел і арцыбіскуп Кандрусевіч выступілі са зваротамі наконт выбараў
Кіраўнікі найбуйнейшых у Беларусі цэркваў — праваслаўнай і каталіцкай — звярнуліся да вернікаў з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў.
Мітрапаліт Павел у сваім звароце адзначае напружаную грамадсва-палітычную сітуацыю ў краіне напярэдадні выбараў. Ён заклікае не паддавацца на правакацыі і не парушаць правапарадак: "У сувязі з гэтым, Беларуская Праваслаўная Царква заклікае ўсіх грамадзян краіны, носьбітаў розных поглядаў, да згоды, дыялогу і ўзаемнай павагі, нагадвае пра важнасць захавання міру, спакою і разважлівасці. Звяртаючыся да ўсіх жыхароў Беларусі, заклікаю ўсіх Вас, дарагія браты і сёстры, не паддавацца правакацыйным заклікам і не ўступаць на шлях гвалту, супрацьстаяння і парушэння законнага правапарадку".
Па словах кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, свой канстытуцыйны выбар грамадзяне павінны абаранць "не на барыкадах і мітынгах, а на выбарчых участках, якія прадугледжаны і арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".
У сваю чаргу мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч заклікае каталікоў рабіць выбар не пад уплывам эмоцый, а як "плён сталага роздуму, згоднага з сумленнем і адпаведным распазнаннем, як кажа Папа Францішак".
Ён прапаноўвае вывучыць праграмы кандыдатаў не толькі "з палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага пунктаў гледжання, але і ўзяць пад увагу іх адносіны да сацыяльнага вучэння Касцёла і агульначалавечых каштоўнасцяў, а таксама маральных прынцыпаў, якія нязменныя і таму не падлягаюць абмеркаванню і змяненню".
Кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі раіць найперш звярнуць увагу на тое, каб у кандыдатаў былі наступныя пункты:
— падтрымка інстытуту сям’і і пашана да яе як адзінага і неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства;
— абарона Божага дару жыцця ад зачацця да натуральнай смерці;
— свабода веравызнання;
— клопат пра сацыяльную справядлівасць;
— недапушчальнасць амаральнай дзейнасці і да т.п.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.