МНС: Падчас праверак мінскіх гандлёвых цэнтраў былі выяўленыя пэўныя парушэнні

МНС: Падчас праверак мінскіх гандлёвых цэнтраў былі выяўленыя пэўныя парушэнні

У Беларусі другі дзень працягваецца інспектаванне гандлёвых цэнтраў. За пяць дзён Міністэрству па надзвычайных сітуацыях неабходна праверыць каля 300 аб’ектаў па ўсёй краіне. У Мінску ратавальнікі завітаюць у 100 цэнтраў, распавяла Еўрарадыё прадстаўніца мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка.

"Сёння мы агледзелі тры гандлёвыя цэнтры: “Максімус”, ГУМ і Dana Mall. Для нашых супрацоўнікаў быў створаны адмысловы графік, па якім яны аператыўна працуюць".

У панядзелак былі праінспектаваныя гандлёвыя цэнтры "Галерэя", "Тытан" і "Замак". Пакуль не вядома, ці былі выяўленыя нейкія парушэнні на гэтых абʼектах, аднак прадстаўнікі МНС запэўніваюць, што справаздачы будуць апублікаваныя ў адкрытым доступе на афіцыйным сайце ведамства:

"Усе справаздачы мы апублікуем у адкрытым доступе. Але ўжо цяпер можна казаць пра тое, што ў ходзе інспекцый на саміх абʼектах былі выяўлены пэўныя парушэнні. Кіраўніцтва і персанал, які адказвае за бяспеку, паабяцалі выправіць усё ва ўстаноўленыя тэрміны, прызналі віну і ўпэўнілі, што разумеюць неабходнасць захавання бяспекі", — тлумачыць Вольга Мельчанка.

Найбольш частая праблема, якая сустракаецца падчас праверак — гэта дрэнная падрыхтаванасць персаналу да надзвычайных сітуацый:

"На жаль часта сустракаемся з тым, што персанал абʼекта падчас пажарнай трывогі не заўсёды ведае, як неабходна рэагаваць, — распавядае Вольга Мельчанка. — Яны лічаць, што калі ўбачылі супрацоўнікаў МНС і ведаюць, што трывога вучэбная — не трэба рабіць тое, што яны павінны ў такой сітуацыі. Аднак гэта няправільныя паводзіны, бо трэба задумвацца пра ўласную бяспеку і пра бяспеку людзей".

Прычынай для праверак стала трагедыя ў гандлёвым цэнтры "Зімовая Вішня" у расійскім горадзе Кемерава, дзе ў выніку пажару загінула больш за 60 чалавек. Па папярэдніх дадзеных, эвакуацыйныя выхады былі зачыненыя і шмат хто з-за гэтага не змог выбрацца з будынку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі