Мо не тое прачыталі? Палітвязень не адразу змог паверыць навінам пра Марыупаль
Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка не паверыў, калі сваякі ў лістах распавялі яму пра падзеі ў Марыупалі, піша гомельскі тэлеграм-канал “Штодзень”.
Галоўныя навіны Судаленка атрымлівае праз лісты ад сваякоў, якія даходзяць кепска. Сваякі гомельскага праваабаронцы кажуць, што карэспандэнцыю “аддаюць праз раз”.
“З лістамі з волі ўсё кепска, аддаюць праз раз. Пра многія рэчы ён дазнаецца, калі яму паведамляем. Напрыклад, пра вайну ва Украіне паведамілі яму мы. Калі распавялі пра Марыупаль, ён спярша не паверыў, падумаў, што нешта мы не тое прачыталі”, — распавядаюць сваякі праваабаронцы.
Але цяпер Леанід Судаленка ведае і пра знішчэнне ў Беларусі незалежных прафсаюзаў, і пра сітуацыю ва Украіне.
Гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 года. Ён ішоў у офіс. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу і абвінавацілі ў здзяйсненні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Суд вырашыў пазбавіць яго волі на 3 гады.
Судаленка адбывае прызначанае судом пакаранне ў папраўчай калоніі №3 пад Віцебскам.
Тут можна пачытаць, што праваабаронца казаў пра пратэсты ў рэгіёнах у 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.