"Мотаршоу" сёлета ў Мінску адмянілі

"Мотаршоу" сёлета ў Мінску адмянілі

Сёлета міжнародны салон "Мотаршоу" ў Мінску праводзіць не будуць. Пра гэта паведаміў чалец праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Дзмітрый Ярота, перадае агенцтва "Мінск-Навіны".

Ярота патлумачыў такое рашэнне тым, што, па-першае, інтэрнэт душыць выстаўны рух па ўсім свеце: маркетолагі размяшчаюць рэкламу ў інтэрнэце, а не шукаюць спажыўцоў праз спецыялізаваныя выставы. Па-другое, кажа ён, рашэнне аб правядзенні "Мотаршоу" прымаюць кіраўнікі дылерскіх цэнтраў, імпарцёры. Сёлета прынцыповай згоды наконт правядзення выставы няма. 

Прадстаўнік БАА спадзяецца, што на правядзенне "Мотаршоу" дылераў можа натхніць з'яўленне новага выстаўнага цэнтра каля Курапатаў. Хаця і ранейшую пляцоўку паблізу "Мінск-Арэны" ён лічыць дастаткова зручнай і ёмістай.

Гендырэктар БАА Аляксандр Сідарэвіч заявіў, што кола патэнцыйных удзельнікаў невялікае, а гэта стрымвае развіццё "Мотаршоу": "57% рынку займаюць тры дылеры. Гэта не можа быць выстава 3-5 брэндаў, удзельнічаць павінны ўсе".

Дарэчы, сітуацыя з адменай "Мотаршоу" ўзнікае не першы раз. У 2010-м, напрыклад, яго таксама адмянялі. Тады прычынай стаў крызіс рынку новых аўтамабіляў, калі ўзнікла няпэўная сітуацыя з мытнымі стаўкамі на аўто пасля стварэння Мытнага саюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі