"Можа быць алергія". З чаго шыюць форму для беларускіх школьнікаў

Форму будуць шыць з полівіскозы

Форму будуць шыць з полівіскозы / @rubanau_collage

У беларускіх школьнікаў з'явіцца адзіная форма. З наступнага навучальнага года яе будуць насіць дзеці ў 50-ці мінскіх школах, а потым, магчыма, і па ўсёй краіне.

Выгляд, вядома, сумны. Танная сінтэтыка, пераліваецца на сонцы, фасон — мяшок бясформенны. Жах! Ні для вачэй уцехі, ні для цела камфорту, — каментуюць бацькі паказаную форму.

Але пытанні не толькі да знешняга выгляду новай школьнай формы. Еўрарадыё даведалася, з якога матэрыялу яе плануюць шыць, і высветліла пра патэнцыйную небяспеку гэтай тканіны.

"Усе матэрыялы экалагічныя, натуральныя, бяспечныя"

Пад выглядам зацікаўленага бацькі дваіх дзяцей мы звярнуліся па каментар у "Беллегпрам", які і прэзентаваў новую форму.

Супрацоўніца арганізацыі запэўніла, што ўсе камплекты вырабленыя выключна з натуральнай сыравіны без выкарыстання сінтэтыкі.

“Может быть аллергия”. Из чего шьют форму для белорусских школьников
Адзіная школьная форма / bellegprom.by

— Усе матэрыялы экалагічныя, натуральныя, бяспечныя. Вырабленыя з захаваннем усіх тэхнічных рэгламентаў, якія тычацца стандартаў дзіцячага адзення. У гэтым плане ў нас самы строгі кантроль і ніякай сінтэтыкі — гэта недапушчальна для дзіцячага адзення, — упэўніла супрацоўніца арганізацыі.

Яна таксама расказала, што новая форма вырабляецца з полівіскознай тканіны і назвала яе "найбольш аптымальным варыянтам з пункту гледжання бяспекі і практычнасці". Спойлер: гэта не так.

"70% з поліэстэру і 30% з віскозы"

Што такое полівіскоза і чаму яе складана назваць "бяспечным" матэрыялам, патлумачыў навуковец-хімік Сяргей Бесараб.

Полівіскоза — гэта скарочаная назва палімера, які складаецца з валокнаў двух тыпаў — на 70% з поліэстэру і на 30% з віскозы. Гэта значыць, фактычна гэта хутчэй сінтэтыка, чым натуральны матэрыял.

“Может быть аллергия”. Из чего шьют форму для белорусских школьников
Адзіная школьная форма / bellegprom.by

Што такое поліэстэр? Прасцей кажучы, гэта тая ж сыравіна, з якой вырабляюць пластыкавыя бутэлькі. Віскоза ж — натуральны матэрыял, валакно якога вельмі падобнае да бавоўны.

Тым не менш, падкрэслівае навуковец, нягледзячы на 30-ціпрацэнтную прысутнасць віскозы ў складзе, усё астатняе — самая танная сінтэтыка.

Што з гіпаалергеннасцю?

Па словах Бесараба, алергію могуць выклікаць кампаненты, якія знаходзяцца ў складзе некаторых мыйных сродкаў. Яны могуць заставацца на адзенні і пры судакрананні са скурай могуць выклікаць кантактны дэрматыт.

Таксама алергію могуць выклікаць пылавыя кляшчы. Калі тканіна назапашвае статыку і прыцягвае на сябе пыл, то і алергеннасць ў яе будзе вышэйшая. Што звычайна і адбываецца са штучнымі палімерамі кшталту савецкага "лаўсану".

Гігіенічнасць полівіскозы

Гігіенічнасць, паводле навукоўца, гэта здольнасць матэрыялу маскаваць непрыемныя пахі, з чым полівіскозная школьная форма наўрад ці будзе спраўляцца.

“Может быть аллергия”. Из чего шьют форму для белорусских школьников
Адзіная школьная форма / bellegprom.by

— Сам па сабе чалавечы пот не мае паху. Пах з'яўляецца, калі пот пачынае ферментавацца бактэрыямі, якія жывуць на скуры. Напрыклад, натуральныя матэрыялы добра адсарбуюць пот і, адпаведна, не дазваляюць бактэрыям размнажацца. Але ж сінтэтычныя тканіны нічога не адсарбуюць, пот слаба затрымліваецца паміж валокнамі палімера і пры першай магчымасці выпараецца.

Такім чынам атрымліваецца ідэальны біярэактар для ферментацыі поту і цудоўны выпарнік для атрыманых паўпрадуктаў з рэзкім непрыемным пахам.

Таму, сцвярджае хімік, адзенне з сінтэтыкі, нават пасля невялікай фізічнай актыўнасці, мае больш рэзкі і інтэнсіўны пах, чым адзенне з натуральных матэрыялаў.

Сінтэтыка больш выгодная за бавоўну

На думку Сяргея Бесараба, "Беллегпрам" шые форму з полівіскозы проста таму, што яна нашмат таннейшая, чым бавоўна.

У Беларусі ўласнай бавоўны няма, яна імпартуецца. Натуральна, гэта дорага. А навошта гэта рабіць, калі Светлагорскае "Хімвалакно" наладзіла вытворчасць уласнай віскозы, а поліэфірнае валакно там выпускаюць дзесяцігоддзямі. Таму новая школьная форма і будзе на 100% вырабленая з беларускай сыравіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі