Анлайн-шопінг: колькі каштуе сабраць дзіця ў школу, не выходзячы з дому
Кадр з серыяла "Пляткарка" — усе марылі пра такую школьную форму, як у гераінь гэтага шоу! / Warner Bros. Television
Да пачатку заняткаў у беларускіх школах усяго два тыдні. Калі катэгарычна не паспяваеце купіць усё патрэбнае — рабіце, як мы.
Карэспандэнт Еўрарадыё некалькі гадзін сядзела на сайтах самых папулярных у Беларусі інтэрнэт-крам і спрабавала сабраць уяўнае дзіця ў школу, асабліва не адрываючыся ад рабочага працэсу.
Раскажам, колькі гэта каштавала. Калі ваш афлайн-шопінг каштаваў танней (ці, наадварот, даражэй) — раскажыце!
Шукаем базу
Сёлета спецыяльная камісія забараніла прадпрыемствам Беллегпрама адшываць для школьнікаў кюлоты — нават гэты сціплы элемент адзення здаўся камісіі занадта фрывольным. Таму менавіта з кюлотаў мы і пачалі зборы ў школу.
Самыя танныя знайшліся ў "Марк Фармэль" — увесь камплект разам з джэмперам абышоўся ўсяго ў 45 рублёў. Аматары свабодных, але строгіх касцюмаў могуць пашукаць мадэлі на Wildberries. Ваўняная "двойка" будзе каштаваць у 4 разы даражэй, чым касцюм ад "Марк Фармэль". Браць ці не браць — даведаемся толькі пасля прымеркі, калі вы забярэце павыбіраныя мадэлі ў пункце выдачы.
Калі не хочацца мас-маркета, а цэны небеларускіх дызайнераў занадта вялікія, ёсць адно непапулярнае рашэнне — Брэст. У гэтым горадзе швейнікаў усё яшчэ адшываюцца нетрывіяльныя брэнды, купіць якія можна анлайн (а некаторыя з іх выстаўляюцца ў цэнтры Мінска ў прасторы Trend Park). Кошты на іх не самыя нізкія. Але вы здзівіцеся, якія крутыя мадэлі можна знайсці на сайтах беларускіх анлайн-крам.
Каштуюць яны, праўда, столькі ж, колькі еўрапейскі мас-маркет, так што зэканоміць на іх не атрымаецца. Але калі выбіраць паміж ноунэйм-брэндам з "Вайлдберыз" і малапапулярным беларускім дызайнерам, мы вырашаем абраць другое. Ну і прыкупіць "на змену" сукенку ад "Марк Фармэль".
Яшчэ 50-70 рублёў дакінем на кашулю — на ўсіх сайтах, дзе мы іх шукалі, цэны практычна аднолькавыя. Можна надоўга завіснуць на "Вайлдберыз", можна за тыя ж 60 рублёў замовіць анлайн штосьці з Mango Kids.
Ну вось, з формай закончылі, усяго на гэтую хвілю мы расходавалі каля 250 рублёў.
Пераходзім да спартовай формы
Тут усё будзе хутка. Можна купіць касцюм даражэй, а можна абыйсціся майкай і шортамі. Выбіраем самы просты варыянт і эканомім грошы на абутак.
Абутак
Красоўкі для спартзалы за 56 рублёў знайшліся на "Вайлдберыз". Але патрэбны яшчэ і звычайны абутак. Вырашылі даць шанец Marko, і аказалася, што скураныя лоферы там можна знайсці крыху больш, чым за 100 рублёў.
Для тых, каго размовы пра аднастайную школьную форму з гербам на грудзях канчаткова ўвагналі ў пратэстныя настроі, лепей падыдзе варыянт з кедамі. На сайце анлайн-крамы Fashion House мы знайшлі выдатныя снікерсы (не блытайце з папулярнымі шакаладнымі батончыкамі) крыху больш, чым за 100 рублёў. Крама для дарослых, але памеры ёсць і дзіцячыя.
На гэты момант выдаткавана: 440 рублёў.
Хутчэй за канцыляркай
Спачатку купляем заплечнік, каб было, куды скласці ўсе гэтыя сшыткі. Можна ўзяць модны на Vokladki, можна замовіць самы просты на "Вайлдберыз". Можна штосьці сярэдняе на Oz.by.
Пасля ўсіх гэтых пакупак сшыткі пададуцца дробяззю. У анлайн-крамах паўагульныя сшыткі каштуюць прыкладна 1-2 рублі. Бярэм адразу 10. І столькі ж звычайных сшыткаў па 12 лістоў (яны каштуюць каля 70 капеек).
Яшчэ каля 20-ці рублёў сыдзе на пяць ручак, алоўкі і сцірку. Разам усё, што мы загружаем у заплечнік, каштуе прыкладна 42 рублі.
Вынік: мы патрацілі тры гадзіны і 482 беларускія рублі на зборы ў школу. Засталося дачакацца кур'ераў і спадзявацца, што ўсе заказы нас задаволяць. Лічым, што чэлендж "збяры ўяўнае дзіця ў школу, пакуль рэдактар не бачыць", прайшоў удала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.