МПЗ: колькасць беларусаў, чые выдаткі большыя за даходы, павялічылася ў 2,2 разу
Падаткавікі шукалі атрымальнікаў заробкаў "у канвертах" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Колькасць беларусаў, чые выдаткі перавышаюць даходы, за год павялічылася ў 2,2 разу. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах паводле папярэдняга выніку камеральнай праверкі (праверкі, якая праводзіцца на аснове наяўных дакументаў). Праверылі каля 6 тысяч чалавек.
У выніку да выплаты выстаўлена 10,4 млн рублёў, "што таксама ў 2,6 разу больш, чым у першым паўгоддзі мінулага года".
Праверка праводзілася ў межах барацьбы з заробкамі "ў канвертах" і іншымі злоўжываннямі пры атрыманні даходаў. У выніку быў выяўлены 471 выпадак нявыплаты і (або) нясвоечасовай выплаты падаходнага падатку. Парушальнікі цяпер павінныя даплаціць у бюджэт 20,5 млн рублёў падатку — гэта ў два з лішнім разу больш, чым год таму (тады да даплаты выставілі 8,7 млн рублёў).
Амаль у два з паловай разы вырасла і сума канфіскаванай з абароту і арыштаванай падакцызнай прадукцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.