МУС: “бацюшку са свастыкай” выставілі новае абвінавачанне
“Бацюшку са свастыкай” выставілі новае абвінавачанне, інфармуе МУС Беларусі. Святара-спартоўца Канстанціна Бурыкіна ў ліпені 2017-га асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўванне зброі і боепрыпасаў. Ён быў затрыманы ў лістападзе 2016 года. Высветлілася, што ў 2000-я ён быў сябрам арганізацыі РНЕ. У апошнія гады перад арыштам кіраваў Беларускай федэрацыяй паўэрліфтынгу.
Міліцыя выявіла новыя факты незаконнай дзейнасці Бурыкіна. Яго абвінавачваюць у прысваенні давераных яму грошай, ды яшчэ ў буйным памеры. Гаворка ідзе пра федэрацыю паўэрліфтынгу. У 2014-2016 гадах "бацюшка са свастыкай" частку сродкаў, якія выдаткоўваліся на камандзіроўкі спартоўцаў, выкарыстаў на ўласныя патрэбы. Агульная шкода склала каля 17,5 тысячы рублёў. Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС сцвярджае, што пра гэта паведамілі самі спартоўцы. Інфармацыя пацвердзілася і была распачатая крымінальная справа.
Адзначаецца, што Канстанціна Бурыкіна часова адхілілі ад служэння, але сана праваслаўнага святара яго не пазбаўлялі.