МУС: Група брэстаўчан вырабляла і прадавала зброю
У Брэсце супрацоўнікі 6-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаваннай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС спынілі дзейнасць злачыннай групы. Як паведамляе БЕЛТА, трое непрацуючых брэстаўчан 28 і 26 гадоў арганізавалі кантрабандныя пастаўкі боепрыпасаў і складовых частак для агнястрэльнай зброі з Украіны ў Беларусь.
Па звестках сілавікоў, маладыя людзі займаліся збытам агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, наркатычных сродкаў і псіхатропаў. Затрымалі іх 11 студзеня падчас збыту пнеўматычнага пісталета, пераробленага ў агнястрэльную зброю. Пры затрыманні таксама забраныя 56 пісталетных патронаў калібра 9х18 для пісталета Макарава і выбуховае рэчыва тратыл масай больш за 1 кг. Таксама ў затрыманых выяўлена 25 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва амфетаміну.
Праваахоўнікі заявілі: "Падазраваныя з'яўляюцца прыхільнікамі паганскага руху "Белы фронт" і "Славянскае адраджэнне", прыхільнікамі ўкраінскага экстрэмісцкага руху "Правы сектар". Адзін з удзельнікаў групы вызнаваў і прапагандаваў радыкальную форму паганскага веравызнання "рускае наваслаўе" з элементамі сатанізму. Пры гэтым ён меў навыкі выбухатэхнікі, сам рабіў і выпрабоўваў самаробныя выбуховыя прылады". Па звестках міліцыянтаў, менавіта гэты малады чалавек эпізадычна ўжываў псіхатропныя рэчывы і марыхуану.
Падчас ператрусаў у падазраваных выявілі больш за 100 патронаў рознага калібру часоў Вялікай Айчыннай вайны, порах, боепрыпасы да ручнога супрацьтанкавага гранатамёта, выбухпакеты і гукавыя ракеты з выбуховымі рэчывамі. Таксама ў іх знайшлі складовыя часткі да агнястрэльнай зброі, металічныя нарыхтоўкі для ручак-пісталетаў пад малакаліберны патрон, прылады для вырабу наразных ствалоў да агнястрэльнай зброі, амфетамін. Асобна сілавікі адзначаюць выяўленую літаратуру з прапагандай сатанізму і дапаможнік па працы з хімічнымі рэчывамі.
На затрыманых пачалі крымінальныя справы за незаконнае абарачэнне зброі і назакоонае абарачэнне наркотыкаў.