МУС: за 6 гадоў колькасць выпадкаў педафіліі ў Беларусі вырасла ў 22 разы
Дзмітрый Цаюн / mvd.gov.by
У Беларусі з 2012 па 2018 год колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх вырасла ў 22, а колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх такіх злачынстваў — у 32 разы. Такую статыстыку агучыў на круглым стале ў МУС намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Цаюн.
Прадстаўнік МУС назваў і канкрэтныя лічбы: у студзені 2019 года зарэгістраваныя 82 выпадкі педафіліі, а ў красавіку — ужо 348.
Амаль палову злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх складаюць факты палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару з асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту. З іх больш за 40% адносіцца да цяжкіх. Больш за траціну злачынстваў — гэта гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх, праінфармаваў Дзмітрый Цаюн.