МУС: Закладнікаў у магілёўскім банку ўзяў 28-гадовы магілёвец

МУС: Закладнікаў у магілёўскім банку ўзяў 28-гадовы магілёвец

Прэс-служба МУС распавяла чарговыя падрабязнасці падзеяў у Магілёве, дзе 20 лістапада ўзброены мужчына спрабаваў абрабаваць банк. 

Напад на банк адбыўся на вуліцы Каліноўскага. Каля 14-й гадзіны ў аддзяленне банка ўвайшоў узброены пісталетам мужчына і, пагражаючы супрацоўнікам банка, стаў патрабаваць грошы.

Супрацоўнікі банка націснулі трывожную кнопку. На месца здарэння адразу выехаў нарад Дэпартамента аховы і блакаваў зламысніка ў памяшканні. Таксама да банка прыбыла кіраўніцтва УУС Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння і Ленінскага РАУС.

МУС адразу паведаміла пра здарэнне кіраўніку дзяржавы. Ён пастаянна кантраляваў правядзенне спецаперацыі. 

Як паведамлялася раней, зламыснік узяў у закладнікі пяць чалавек і запатрабаваў даць яму аўтамабіль. У выдадзеным аўто закладнікам паехаў першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў.

Праваахоўнікі вырашылі затрымліваць зламысніка за межамі горада. Падчас затрымання ён аказаў узброены супраціў. У адказ міліцыянты таксама ўжылі табельную зброю. Мужчына быў паранены ў нагу і затрыманы. Потым яго шпіталізавалі. Выявілася, што гэта 28-гадовы жыхар Магілёва.

Падчас спецаперацыі не пацярпеў ніхто з работнікаў і кліентаў банка. Па факце захопу закладнікаў пачалі крымінальную справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі