Мужчына, які рабаваў банк у Магілёве, узяў пяць закладнікаў
Мужчына, які спрабаваў абрабаваць банк у Магілёве, захапіў закладнікаў, але ўрэшце быў абясшкоджаны, перадае БЕЛТА.
Здарэнне адбылося ўдзень 20 лістапада. Па звестках праваахоўных органаў, мужчына ўзяў у банкаўскім аддзяленні пяць чалавек у закладнікі. Пасля гэтага ён запатрабаваў даць яму аўтамабіль.
На прадастаўленым аўтамабілі мужчына выехаў за горад, дзе яго ўжо чакалі байцы АМАП. Паведамляецца, што зламыснік адкрыў агонь на паражэнне па амапаўцах, бо ў яго была пры сабе баявая зброя. У адказ прадстаўнікі МУС таксама адкрылі агонь і паранілі мужчыну ў нагу. Іншых пацярпелых, па звестках праваахоўнікаў, няма.
Цяпер затрыманы знаходзіцца ў шпіталі, на яго пачалі крымінальную справу.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, з першых хвілін спецаперацыі пра яе падрабязнасці паведамлялі кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ухваліў яе правядзенне.
Кіраўнік Беларусі вырашыў прадставіць усіх удзельнікаў аперацыі па затрыманні злачынца да дзяржаўных узнагародаў.