Мясніковіч ляцеў з візітам у Туркменістан звычайным рэйсам (фота, відэа)
Старшыня Савета Рэспублікі замест урадавага самалёта абраў бізнэс-клас ад “Белавіі”.
Візіт Міхаіла Мясніковіча ў Ашхабад прайшоў 27-28 сакавіка. Сюжэт аб ім беларускае тэлебачанне паказала 29 сакавіка. На відэа тэлеканала АНТ бачна, што кіраўнік Савета Рэспублікі для пералёту карыстаецца звычайным авіярэйсам, хоць і бізнэс-класам.
На кароткім роліку бачна, што Мясніковіч ляціць сярод іншых пасажыраў, які абслугоўвае сцюардэса ва ўніформе “Белавіі”.
Нацыянальная авіякампанія адкрыла рэгулярны рэйс у Ашхабад у 2010 годзе. З нядаўняга часу палёты выконваюцца на лайнеры Boeing 737-800. Яго авіякампанія набыла некалькі месяцаў таму, гэта самы вялікі самалёт беларускага перавозчыка. Каштуе падарожжа з Мінска ў Ашхабад у салоне бізнэс-класа 4,6 мільёны рублёў.
Паводле Канстытуцыі Беларусі, менавіта старшыня Савета Рэспублікі з’яўляецца другой пасля кіраўніка краіны асобай у дзяржаве.