МЗС: 25 сакавіка ўлады дзейнічалі на перадухіленне тэрарыстычнай пагрозы

МЗС: 25 сакавіка ўлады дзейнічалі на перадухіленне тэрарыстычнай пагрозы

МЗС пракаментаваў рэакцыю еўрапейскіх інстытутаў наконт масавага затрымання ў Мінску ўдзельнікаў акцыі на Дзень Волі. Як заявіў кіраўнік прэс-службы ведамства Дзмітрый Мірончык, беларускія ўлады дзейнічалі на перадухіленне тэрарыстычнай пагрозы і проста выяўлялі пільнасць.

“Менавіта такі ўрок мы ўзялі з нядаўніх тэрарыстычных актаў у Лондане, Берліне, Парыжы, Бруселі, Ніцы. Менавіта гэтым кіраваліся беларускія ўлады 25 сакавіка. Галоўнай задачай было захаваць бяспеку грамадзян і не дапусціць кровапраліцця, асабліва з улікам інфармацыі наконт правакацыяў, якую мы мелі”, — сказаў Мірончык.

Ён падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі маюць права на мірныя сходы, аднак “калі да месца мерапрыемства падвозяць “кактэйлі Молатава”, падганяюць аўтамабілі са зброяй, падключаюць анархістаў, то назваць такую акцыю “мірнай” язык не паварочваецца”.

Апроч таго, прадстаўнік МЗС адзначыў, што акцыя 25 сакавіка ў Мінску была несанкцыянаванай. “І што “нееўрапейскага” змаглі разгледзіць у дзеяннях нашых праваахоўных органаў заходнія палітыкі? У Мінску разганялі дэманстрантаў вадамётамі? Можа быць, распылялі газ? Не. І, дзякуй Богу. Абышлося без ахвяраў”, сказаў Мірончык.

“Лічым неабходным працягваць дыялог і ўзаемадзеянне з нашымі замежнымі партнёрамі ў мэтах лепшага разумення пазіцый адзін аднаго”, — падсумаваў кіраўнік прэс-службы МНС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі