МЗС Беларусі чакае адказу Польшчы на запыт пра "беларускіх шпіёнаў"

Пакуль што беларуская амбасада не атрымала адказу ад польскага боку, паведаміў агенцтву БелаПАН прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.



Тым часам 19 красавіка польская "Газета выборча" апублікавала артыкул пра беларуса Юрыя К., затрыманага ў Польшчы 17 лютага па абвінавачанні ў шпіянажы. Выданне піша, што ў рэдакцыю прыйшоў ліст затрыманага беларуса. Яго аўтар называецца выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і журналістам, які быў " брутальна затрыманы і абвінавачаны ў шпіянажы супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы".



Затрыманы піша, што не рабіў нічога супрацьзаконнага, а толькі рыхтаваў рэпартаж "пра канфрантацыю паміж Расіяй і NATO, а таксама наступствы гэтага супрацьстаяння для Беларусі" для газеты "Вечерний Гродно". Аднак у гродзенскім выданні кажуць, што гэты чалавек не працуе ў іх ужо больш за год.



"Газета выборча" адзначае, што ў 2002-2003 гадах Юрый служыў у 5-й асобнай брыгадзе спецназу. Цяпер яму пагражае ад трох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў шпіянажы.



Фота — ecoleaks.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі