МЗС: Беларусы не пацярпелі ад двайнога тэракту ў Стамбуле
Беларусы не пацярпелі ў выніку двайнога тэракту, які адбыўся ў суботу ўвечары ў турэцкім Стамбуле. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай МЗС.
У ведамстве заяўляюць, што па стане на 3.00 амбасада Беларусі ў Анкары не мела звестак пра загінулых і пацярпелых сярод нашых суайчыннікаў.
Нагадаем, што ўвечары ў суботу ля футбольнага стадыёна Vodafone Arena — хатняй пляцоўкі каманды “Бешыкташ” — узарвалася начыненая выбухоўкай машына. Выбух адбыўся пасля матчу “Бешыкташа” з “Бурсаспорам”. Яшчэ адзін выбух ажыццявіў смяротнік, які падарваў сябе ў бліжэйшым скверы.
Загінула сама меней 29 чалавек, у тым ліку 27 паліцыянтаў. Яшчэ 166 чалавек атрымалі раненні. Улады Турцыі мяркуюць, што за тэрактамі стаяць курдскія экстрэмісты, якія раней ўжо нападалі на праваахоўнікаў.