МЗС: Пры форс-мажоры ў Ізраілі беларусы могуць звяртацца ў пасольства РФ

МЗС: Пры форс-мажоры ў Ізраілі беларусы могуць звяртацца ў пасольства РФ

7 студзеня стала вядома, што Беларусь закрывае сваё пасольства ў Ізраілі. Прэс-сакратар МЗС нашай краіны Дзмітрый Мірончык заявіў тады, што гэта звычайная дыпламатычная практыка, калі на закрыццё пасольства адказваюць аналагічна, і Беларусь вымушаная распачаць комплекс мераў па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве.

Цікава тое, што гэты прынцып у супрацьлеглым кірунку не працуе. У Беларусі, напрыклад, дзейнічаюць дыппрадстаўніцтвы Харватыі, Македоніі, Кіпра, Лівана, Ісландыі, Уругвая, Перу, а нашых пасольстваў ці консульстваў у гэтых краінах няма.

МЗС: Пры форс-мажоры ў Ізраілі беларусы могуць звяртацца ў пасольства РФ
Пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве. Фота: mfa.gov.by

Калі дакладна беларускае пасольства ў Тэль-Авіве спыніць сваю працу, невядома. “Шмат якія пытанні патрабуюць прапрацоўкі. Ад іх вырашэння будзе залежыць канчатковы тэрмін закрыцця”, — кажа Дзмітрый Мірончык.

Грамадзянін Беларусі ў выпадку форс-мажорнай сітуацыі на тэрыторыі Ізраіля мусіць звярнуцца ў расійскае пасольства.

“Звычайнай практыкай у такіх выпадках для грамадзян Беларусі з’яўляецца зварот у пасольства Расіі. Гэта тычыцца экстранных выпадкаў, напрыклад, страты дакументаў”, — тлумачыць прэс-сакратар.

Пытанне аб тым, куды звяртацца беларусу ў выпадку шараговых сітуацыяў, МЗС пакуль прапрацоўвае. 

Намесніца кіраўніка ізраільскага пасольства Юлія Рачынскі-Співакоў кажа, што рашэнне пра закрыццё свайго пасольства ў Мінску было прынятае ўрадам Дзяржавы Ізраіль.

“У сувязі з бюджэтнымі абмежаваннямі было прынятае рашэнне закрыць 5 дыппрадстаўніцтваў па ўсім свеце да канца 2016 года. У тым ліку і пасольства ў Мінску”, — тлумачыць намесніца.

Прадстаўніца пасольства падкрэслівае, што ніякіх палітычных прычынаў закрыцця няма. Дынаміка адносінаў паміж нашымі краінамі вельмі пазітыўная, апошнім часам расце і таваразварот. Супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах будзе працягвацца. У найбліжэйшы час плануецца падпісаць некалькі двухбаковых пагадненняў. Таксама плануюцца візіты, абмены дэлегацыямі.

Адказу на пытанне, калі дакладна пасольства спыніць сваю працу і куды пасля гэтага мусяць звяртацца ізраільскія грамадзяне, дыппрадстаўніцтва не дае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі