МЗС Расіі заклікаў Беларусь "максімальна адказна" падысці да "справы "Рэгнума"
МЗС Расіі працягвае трымаць на кантролі крымінальную справу за распальванне варажнечы супраць Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі — аўтараў прарасійскага сайта "Рэгнум". Днямі справа была перададзеная для разгляду ў Мінскі гарадскі суд. Гэта стала нагодай для каментара з боку афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расіі Марыі Захаравай:
"Хацелі б заклікаць беларускі бок максімальна адказна падысці да разгляду дадзенай крымінальнай справы ў строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязальніцтвамі, перш за ўсё, у плане захавання свабоды выказвання меркаванняў", — сказала Захарава, заўважыўшы, што расійскае знешнепалітычнае ведамства ў курсе апошніх навінаў па "справе "Рэгнума".
Аўтараў “Рэгнума” Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку затрымалі ў Беларусі ў снежні 2016 года. Высветлілася, што яны пад псеўданімамі пісалі артыкулы пра сітуацыю ў нашай краіне. Публіцыстаў абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы, Паўлаўца і Шыптэнку таксама абвінавачаваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.