МЗС запрасіла на размову пасла Польшчы пасля заявы міністра Вашчыкоўскага аб АЭС
Міністэрства замежных спраў Беларусі адрэагавала на заявы польскага міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага наконт Беларускай АЭС. Як перадавала Еўрарадыё, прадстаўнік Польшчы заявіў у каментары РІА "Новости", што яго дзяржава не будзе купляць электраэнергію з БелАЭС. (Яшчэ раней з аналагічнымі заявамі выступала Літва.)
"У выпадку, калі працытаваныя у СМІ словы спадара міністра цалкам адпавядаюць сказанаму, у наяўнасці відавочная палітызацыя руціннага пытання будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай "еўрапейскай салідарнасці" пад ціскам літоўскага боку", — гаворыцца ў каментары, апублікаваным на сайце МЗС.
У сувязі з выказваннямі міністра Вашчыкоўскага МЗС Беларусі запрасіў польскага амбасадара ў нашай краіне на размову.
Па словах дыпламатычнага ведамства, Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва і кантактаў па пытаннях ядзернай бяспекі з усімі зацікаўленымі, тым больш — з такімі блізкімі суседзямі, як Польшча.
У сваім каментары МЗС нагадвае, што ў 2009-2013 гадах Польшча ўдзельнічала ў міждзяржаўным абмеркаванні вынікаў праведзенай Беларуссю ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе. У той час Польшча не пярэчыла супраць гэтага праекта.
Дыпламатычнае ведамства падкрэслівае, што прэтэнзіяў або сумневаў наконт бяспекі БелАЭС палякі не выказвала ні на двухбаковым узроўні, ні ў рамках існуючых міжнародных фарматаў. Напрыклад, падчас абмеркавання нацыянальнага дакладу Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы напярэдадні Нарады бакоў (27 сакавіка — 7 красавіка 2017 г.) польскія калегі задалі толькі тры практычныя пытанні, на якія беларускі бок даў адказ.
Беларускія дыпламаты выказваюць здзіўленне, што міністр Вашчыкоўскі заявіў, быццам электраэнергію з БелАЭС не будуць купляць у сувязі з "небяспечным тэхналогіямі", бо Польшча сама разглядае магчымасць развіваць ядзерную энергетыку.
"Хацелі б нагадаць, што тэхналогіі, якія прымяняюцца пры будаўніцтве Беларускай АЭС, паспяхова выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі аналагічных праектаў у такіх краінах Еўрапейскага Саюза, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя і Чэхія. Наколькі нам вядома, афіцыйнай крытыкі з боку Польшчы на адрас згаданых дзяржаў па гэтай тэме не гучала", — адзначаецца ў каментары МЗС.