На 1-й Мінскай птушкафабрыцы знайшлі карупцыю
Пракуратура Мінскай вобласці знайшла факты карупцыі на 1-й Мінскай птушкафабрыцы, а таксама выявіла парушэнні дырэктывы №3, якая тычыцца эканоміі і беражлівасці. Па выніках праверкі, зладжанай сумесна з УБЭЗ УУС Мінаблвыканкама, былі заведзеныя чатыры крымінальныя справы ў дачыненні кіраўнікоў прадпрыемства.
У прыватнасці, выяўленыя факты раскрадання маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Па версіі пракуратуры, адзін з намеснікаў генеральнага дырэктара сумесна з іншай службовай асобай неаднаразова набываў сабе дарагія інструменты за кошт птушкафабрыкі. Агульная сума шкоды прадпрыемству склала болей за 50 мільёнаў рублёў.
Таксама нагляднае ведамства выявіла, што створаная на фабрыцы камісія па супрацьдзеянні карупцыі фактычна бяздзейнічае і за паўгода не правяла ніводнага пасяджэння. На прадпрыемстве не вялася патрэбная дакументацыя, звязаная з антыкарупцыйнай дзейнасцю. Асобныя супрацоўнікі ў парушэнне закону выконвалі працу за аплату ў іншых арганізацыях, а некаторыя х іх адначасова былі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, працуючы на асноўнай працы на фабрыцы.
Сярод іншых парушэнняў — выкарыстанне службовымі асобамі службовага аўтатранспарту для сваіх патрэбаў і неабгрунтаванае налічэнне заробку работніку, якога не было на працоўным месцы, перадае БЕЛТА.
Фота з архіву