На 11 гадоў калоніі асудзілі "рэйкавага партызана" з Асіповічаў

Пасля пачатку вайны ў Беларусі пачалі адбывацца дыверсіі на чыгунцы / ілюстрацыйнае фота РІА "Новости"
Пасля пачатку вайны ў Беларусі пачалі адбывацца дыверсіі на чыгунцы / ілюстрацыйнае фота РІА "Новости"

На 11 гадоў калоніі асудзіў Магілёўскі абласны суд жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца. Яго абвінавачвалі ў тэрарызме (арт. 289 КК РБ) і ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні (ч.3 арт. 361 КК РБ). Справу разглядаў суддзя Сяргей Мазураў, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле версіі следства, у пачатку гэтага года Шышкавец "увайшоў у склад экстрэмісцкага фарміравання ByPol". Мужчына зарэгістраваўся ў чат-боце "для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі". А 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакаванні чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні "кактэйляў Молатава".

"Ён выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай", — казаў раней начальнік Магілёўскага ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіл Сухачоў.

КДБ унёс Шышкаўца ў "спіс тэрарыстаў", а праваабаронцы — у спіс палітвязняў.

Пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны пачалі адбывацца дыверсіі на беларускіх чыгунках. У шэрагу рэгіёнаў было знішчанае сігнальнае абсталяванне, а чыгуначныя шляхі блакаваліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі