На АЗС у Гродне замест 95-га бензіну залівалі "дызель". Пацярпела 27 машын
Фота: Newgrodno.by
23 снежня ў Гродне на АЗС №68 "Беларуснафта" аўтамабілістам па невядомай прычыне замест бензіна АІ-95 залівалі дызельнае паліва. Гэта стала зразумела толькі праз некалькі гадзін, калі на запраўку пачалі звяртацца незадаволеныя вадзіцелі. За гэты час няправільнае паліва было заліта як мінімум у 27 аўтамабіляў.
Адны машыны заглухлі ў пары метрах ад АЗС, іншыя паспелі ад'ехаць і спыніліся на трасе, піша Newgrodno.by.
"Я прыехала на запраўку ў 14:50. Заправіўшыся 95-м бензінам з патрэбнага мне пісталета, я ад'ехала. Праехала метраў 100 у напрамку выезду і зразумела, што ехаць машына адмаўляецца, — распавядае ўладальніца Subaru Impreza Наталля, якая ў той злапомны дзень заехала на АЗС №68 "Беларуснафта". — Прыблізна ў чатырохстах метрах знаходзілася аўтастаянка, куды я з цяжкасцю, але даехала. Машына дрынчала, тузалася і была на мяжы таго, што вось-вось заглухне. Пад'ехаўшы на стаянку і заглушыўшы рухавік, я вырашыла завесці машыну яшчэ раз, але гэта ўжо не мела сэнсу, машына заглухла цалкам ".
Дзяўчына здагадалася што справа ў паліве. Бо да АЗС машына ехала без праблем. Яна вярнулася на запраўку, але там ёй адказалі, што ўсё ў парадку. Маўляў, ніхто не звяртаўся са скаргамі падобнага роду.
"Увечары мужу патэлефанавалі з ДАІ і пацвердзілі, што супрацоўнікі запраўкі пераблыталі цыстэрны. Замест 95-га бензіну мне залілі дызпаліва. Параілі звярнуцца на запраўку для далейшых разбіральніцтваў, бо не мы адны апынуліся ў спісе пацярпелых. То бок, не "Беларуснафта", а ДАІ абзвоньвалі аўтаўладальнікаў з выбачэннямі і прапановай ўсё выправіць!", — здзіўляецца Наталля.
На запраўцы ўсім уладальнікам аўто, у бензабакі якіх замест бензіну трапіла салярка, сказалі, што кампенсуюць шкоду пасля дыягностыкі на СТА побач з ААТ "Гродзенскі Мясакамбінат". Станцыю спецыяльна адкрылі для многіх аўтаўладальнікаў, якія пацярпелі ў той дзень.
"Паказалі спіс пацярпелых аўто, якіх на той момант апынулася 27, — працягвае Наталля. — Рэкамендавалі выклікаць эвакуатар і адправіць аўтамабіль на сервіс, дзе зробяць поўны зліў паліва і прачыстку бака".
Супрацоўнікі АЗС сваю памылку прызналі, пацвердзіўшы, што замест бензіну ў той дзень залівалі дызельнае паліва. У кампаніі "Беларуснафта" інцыдэнт пацвердзілі.
"Па якой прычыне гэта адбылося, мы разбіраемся. Астатнія камэнтары будуць пазьней", — пракаментавалі сітуацыю ў "Беларуснафты" па запыце TUT.by.