На беларускіх байцоў палююць знакамітыя прамоўтэры Дон Кінг і Фрэнк Уорэн

Па колькасці прафесійных супербаксёраў Беларусь у хуткім часе можа перагнаць такія магутныя баксёрскія краіны, як Куба і Расія Беларусы пачынаюць каціравацца ў боксе, як “Ламбарджыні” ў аўтамабільнай вытворчасці. Ужо ў траўні гэтага года 27-гадовы Юрый Раманаў правядзе бой за тытул чэмпіёна свету ў версіі IBF (адна з самых прэстыжных версіяў бокса). Свае паслугі ў правядзенні паядынку беларусу прапаноўваюць самыя раскручаныя прамоўтэры.  
 
“Я проста хачу зараз падпісаць кантракт альбо з Донам Кінгам, альбо з Фрэнкам Уорэнам, — разважае Юрый Раманаў. — Бо федэрацыя IBF ужо прызначыла на тытульны паядынак мяне і венесуэльца Францыска Ангулу”.

Юрый Раманаў лічыўся адным з самых перспектыўных баксёраў свету яшчэ пяць гадоў таму і ўжо тады мог стаць чэмпіёнам свету. Але лёс склаўся інакш.

“У 22 гады я быў першым прэтэндэнтам на тытул у версіі WBO, але меў праблемы са здароўем, — узгадвае Юрый. — Бой не адбыўся. Я дрэнна адчуваў сябе, увесь час падымалася тэмпература. Медыкі не высветлілі, у чым справа. І гэта цягнулася паўтары гады, я не баксіраваў”.

Спадзяемся, што на гэты раз першы нумар беларускага прафесійнага бокса здолее дасягнуць сваёй мэты. Дзіўна, але рыхтавацца да баёў Юрый збіраецца не за мяжой, а ў Мінску — у спарткомплексе “Працоўныя рэзервы”, што па вуліцы Каліноўскага.
 
“Калі рыхтуемся да баёў, выязджаем на зборы ў Стайкі, а так увесь час трэніруемся на “Працоўных рэзервах”, — працягвае Юрый Раманаў. — У Беларусі дастаткова добрых баз, дзе можна добра падрыхтавацца да паядынку. Галоўная праблема — малая колькасць спарынг-партнёраў годнага ўзроўню”.

Прамоўтэр Фрэнк Уорэн зацікавіўся і беларусам Сяргеем Гулякевічам — дзейсным чэмпіёнам Еўропы ў версіі EBU. Сяргей — першы нумар самага прэстыжнага сусветнага рэйтынгу WBC і другі нумар рэйтынгу WBA. Напрыканцы траўня яму давядзецца абараняць свой чэмпіёнскі тытул. Калі пераможа, то зможа пабаксіраваць за тытул лепшага баксёра планеты.

Гэта неверагодна, але і Гулякевіч, і Раманаў дасягнулі такіх вышыняў без дапамогі прамоўтэраў.   

“На сёння ў нас няма прамоўтэра, толькі менеджэры, — здзіўляе Сяргей Гулякевіч. — Тым не менш мы змаглі дасягнуць такіх вынікаў. Таму судзіце самі”.


Беларусь магла згубіць баксёра Гулякевіча: у свой час яго не ўзялі ў аматарскую зборную краіны — і Сяргей пайшоў працаваць гандляром на рынак “Ждановічы”.

“Так, быў такі час, калі былі патрэбныя грошы, скажам так, — расказвае Сяргей пра падзеі былых гадоў. — Я не падыходзіў для нашай аматарскай зборнай. І прыйшлося завязаць, пайсці працаваць, зарабляць грошы. Але потым вырашыў вярнуцца, у прафесіяналы. Хоць да гэтага да прафесіяналаў ставіўся з перасцярогай. Але прыняў рашэнне і па прыступцы дайшоў да тытулу чэмпіёна Еўропы. Спадзяюся, што стану чэмпіёнам свету”.

Дарэчы сёння апроч трэніровак Сяргей падпрацоўвае спартовым каментатарам на АНТ.

Яшчэ адзін сакрэт Раманава і Гулякевіча — іх адданасць настаўніку. Абодва з дзяцінства займаюцца ў трэнера Пятра Букштановіча.

Ідзе ўгару кар’ера і беларускага суперцяжкавагавіка 32-гадовага Аляксандра Усцінава (трэнер Уладзімір Задзіран). 20 сакавіка ён у чарговы раз перамог накаўтам — амерыканца Байрана Полі. Прамоўтэры Аляксандра — браты Клічко. Таму няма сумневаў, што мінскі асілак праз год-два таксама зможа пазмагацца за тытул.


Вярнуўся да трэніровак і 33-гадовы Сяргей Ляховіч — першы беларус, які выйграў тытул чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў. Нагадаем, што апошні раз Сяргей прайграў Мікалаю Валуеву, і больш за год пра яго нічога не было чуваць.


Дзяржаўны трэнер Беларусі па боксе Пётр Віннік лічыць, што Сяргей здольны зноўку трапіць у эліту сусветнага бокса.  

“Я хачу сказаць, што гэты хлопец вельмі накіраваны, моцны фізічна, здольны думаць, мае добрыя прыродныя ўласцівасці, — пералічвае моцныя бакі Ляховіча Пётр Віннік. —  Калі ён баксіраваў з Валуевым, мы загадзя ведалі, што ў Ляховіча пашкоджанае плячо. Тым не менш ён баксіраваў і годна правёў паядынак. Хоць плячо давялося замарожваць, боль Сяргей трываў невыносны. Таму я лічу, што шанцы ў яго ёсць”.

Адзначым, што па колькасці прафесійных супербаксёраў Беларусь у хуткім часе можа перагнаць такія магутныя баксёрскія краіны, як Куба і Расія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі