На чые грошы Акадэмія навук параўноўвала цэны ў гіпермаркетах?

На чые грошы Акадэмія навук параўноўвала цэны ў гіпермаркетах?

У сярэдзіне снежня праз дзяржаўны партал БелТА разышлася інфармацыя, што ў гіпермаркетах “Еўраопт” кошты на 16,5%-20,8% ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў. У матэрыяле спаслаліся на даследаванне Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. Паведамлялася, што навукоўцы праводзілі маніторынг па больш як 5200 (!) пазіцыях.

Нават калі лічбы падлічылі праўдзіва, сітуацыя выглядала неадназначна. Акадэмія навук і БелТА, якія ў вялікай ступені існуюць за грошы падаткаплацельшчыкаў, прыводзяць лічбы, якія дэманструюць відавочную перавагу адной прыватнай сеткі гіпермаркетаў над усімі іншымі. Ці, можа быць, “Еўраопт” сам замовіў гэта даследаванне і арганізаваў рэкламную кампанію?

На чые грошы Акадэмія навук параўноўвала цэны ў гіпермаркетах?
На чые грошы Акадэмія навук параўноўвала цэны ў гіпермаркетах?

Паводле дамовы, на падставе якой мы гэта рабілі, я не магу каментаваць усе ўмовы і называць заказчыка”, — кажа пра даследаванне навуковы сакратар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Пётр Пякуцька, на якога ў сваім матэрыяле спаслалася БелТА. 

На чые грошы Акадэмія навук параўноўвала цэны ў гіпермаркетах?

У першай палове студзеня Еўрарадыё накіравала афіцыйны запыт на імя Андрэя Зубкова, гендырэктара сеткі гіпермаркетаў “Еўраопт”. Пацікавіліся, ці замаўляла яго фірма маніторынг коштаў у Інстытуце эканомікі. Прайшло амаль паўтара месяца, але бізнэсовец не знайшоў часу, каб адказаць.

Як стала вядома Еўрарадыё, аналагічнае разавае даследаванне каштуе ў межах 3000 долараў. І калі маніторынг цэн сапраўды праводзіцца па 5200 пазіцыях, то ў гіпермаркетах Мінска гэты працэс не маглі не заўважыць.

Звязваемся са сталічнымі канкурэнтамі “Еўраопта”, іншымі сеткамі гіпермаркетаў. Напэўна, тут павінны ведаць нюансы. Але ніхто аб правядзенні даследавання не чуў.

“Мне здаецца, што распаўсюджаная інфармацыя мае рэкламны характар. Таму ў нас пра гэта пачыталі і забыліся. Справа ў тым, што ў гіпермаркетах не супадаюць асартыменты. І каб параўнаць 5000 тавараў у “Еўраопце” і ў нас, трэба сапраўды замарочыцца”, — разважае кампетэнтная крыніца з сеткі гіпермаркетаў “Гіпа”.

***

23 лютага Еўрарадыё правяло ўласнае мінідаследаванне датычна розніцы цэн у гіпермаркетах. Параўноўваем “Еўраопт”, які сярод мінчан лічыцца дэмакратычным, і “Карону”, якую часта называюць дарагой.

Даследаванне тычыцца выпадковых прадуктаў харчавання, якія не знаходзяцца на акцыях. З 10 тавараў 7 аказаліся таннейшымі менавіта ў “Еўраопце”. 2 тавары (галёнкі кураняці і ражанка) менш каштуюць у “Кароне”. Цана на малако супала. 

Падлічыўшы ўсе лічбы, прыходзім да высновы, што цэны ў “Еўраопце” аказаліся ўсяго на 10% ніжэйшымі, чым у элітнай “Кароне”.

Фота economics.basset.by, evroopt.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі