На фестывалі ткацтва паказалі калекцыю школьнага адзення ў этнастылі (фота)

30 жніўня на пляцоўцы каля філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава прайшла заключная праграма рэгіянальнага фестывалю ткацтва “Кросенцы”. Са сваімі кроснамі ў Гомель прыехалі майстры з розных куткоў Гомельшчыны, каб прадэманстраваць уласнае майстэрства і мясцовую ўнікальную традыцыю.

У межах праграмы адбылося дэфіле ў жаночых і дзявочых народных строях з калекцыі Віктара Шыпкова, ураджэнца вёскі Маркавічы Гомельскага раёна, які захапляецца этнаграфіяй. Віктар збіраў яе ў сваім рэгіёне.

Зладзіла дэфіле-прэзентацыю калекцыі школьнага адзення ў этнастылі і мінская майстэрня “Elen Carotte”, а майстар Антон Талашка распавёў пра аздабленне сучаснай вопраткі машыннай вышыўкай — беларускім арнаментам, запазычаным са старых аўтэнтычных тканін.

Таксама каля музея дзейнічалі дзіцячая і літаратурная пляцоўкі, фотавыстава, выстава тканых вырабаў, хэндмэйд-кірмаш “Чароўня падарункі”. Праграма суправаджалася спевамі фальклёрных калектываў з розных рэгіёнаў Гомельскай вобласці.

Да 30 жніўня ў межах фестывалю “Кросенцы” супрацоўнікі Веткаўскага музея зладзілі экспедыцыю ў Рэчыцкі раён, правялі шэраг заняткаў школы традыцыйнага ткацтва для дзяцей “Качаняты”, зладзілі сустрэчу з даследчыцай народнага строю Зінаідай Зіміной і шэраг іншых тэматычных мерапрыемстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі