На гамельчука, які адслужыў у войску, пачалі справу за ўхіленне ад службы
У Гомелі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на маладога чалавека за ўхіленне ад службы ў войску. Пры гэтым сам хлопец ужо адслужыў, піша "Гомельская праўда".
Гамельчука мусілі прызваць у войска яшчэ ў 2013 годзе. Аднак ён праз знаёмых знайшоў лекара-эндаскапіста, які за 100 долараў зрабіў патрэбны саскрэб у страўніку і дапамог дыягнаставаць язву. Дзякуючы гэтаму 23-гадовы хлопец атрымаў адтэрміноўку на год.
Праз год ён адслужыў ва Узброеных сілах Беларусь. А ў 2016-м на яго пачалі крымінальную справу. За ўхіленне ад вайсковай службы гамельчуку пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Па словах старэйшага следчага 1-га следчага аддзялення Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта Дзмітрыя Паўлючэнкі, на лекара-эндаскапіста таксама пачалі крымінальную справу: за атрыманне хабару яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.