На глыбоцкім прадпрыемстве рабочыя пабіліся з-за заробку
Глыбоцкі кансервавы завод, які змяніў назву на ААТ “КупцовЪ”, ніяк не можа разлічыцца з сезоннымі рабочымі.
Прычына адна — адсутнасць грошай. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску кансерваў з гародніны і садавіны, а таксама сокаў. Штогод у жніўні тут набіраюць сезонных рабочых для перапрацоўкі зялёнага гарошку і яблыкаў. Аднак, нягледзячы на цяжкія ўмовы працы, сярэднемесячны заробак сезоннага рабочага сёлета не дацягнуў нават да двух мільёнаў рублёў. Але нават і гэтыя грошы прадпрыемства не ў стане своечасова выплаціць.
Прасоўванню прадукцыі на расійскім рынку мела дапамагчы новая назва прадпрыемства, з літарай Ъ. Кіраўніца завода разрэкламавала яе ў свой час як вельмі ўдалы рэкламны ход.
Аднак маркетынгавы ход не дапамог. Працаўнікі вымушаныя кожны дзень хадзіць на прадпрыемства ў надзеі атрымаць свой заробак, распавяла Еўрарадыё сезонная рабочая Тамара:
"Нарэшце ўчора я атрымала грошы за работу на кансервавым заводзе, дзе сезонна працавала з дачкой. Хадзіла-хадзіла два тыдні, не магла ніяк атрымаць грошы. Кожны дзень прыйдзеш, кажуць: прыходзьце заўтра, прыходзьце заўтра. Пройдзе тры дні — зноў прыходзьце заўтра".
Тамары ўсё ж пашчасціла атрымаць заробленыя грошы. Але, па яе словах, прывезеных грошай хапіла толькі першым чатыром работнікам.
На прадпрыемстве рабочым прыходзіцца працаваць у тры змены, але гэта ніяк не адлюстроўваецца на іх заробках, скардзяцца працаўнікі. Адна з рабочых за 14 дзён працы атрымала 1 мільён 200 тысяч, а другая за 20 дзён — 1 мільён 600 тысяч рублёў. Атрымліваецца, 1 дзень цяжкай сезоннай працы каштуе 80 тысяч рублёў, або менш за дзевяць долараў.
З журналістамі супрацоўнікі прадпрыемства размаўляць адмовіліся. Каб атрымаць каментар наконт выплаты заробкаў, нашаму карэспандэнту прыйшлося прадставіцца сезонным рабочым. Вось што адказваюць супрацоўнікі бухгалтэрыі прадпрыемства:
"Выплачваем, учора грошы былі, сёння ўжо няма. Выплачваем па жывой чарзе, учора тут людзі біліся, крычалі. Тэлефануйце пасля 10.00".
Сёлета прадпрыемства абяцае разлічыцца з усімі рабочымі, аднак ці знойдзе яно працоўную сілу на наступны сезон, застаецца пытаннем.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма