На Гомельскім мясакамбінаце выказалі здагадку, што Рассельгаснагляд памыліўся

Фота: fermbiz.ru
Фота: fermbiz.ru

Галоўны ветэрынарны ўрач Гомельскага мясакамбіната Аксана Хіжынская выказала здагадку, што на сайце Рассельгаснагляду з'явілася памылковая інфармацыя пра тое, што ў прадукцыі беларускага прадпрыемства выявілі генетычны матэрыял афрыканскай чумы свіней. Яна дадала, што на камбінат афіцыйна ніхто не скардзіўся.

Каментуючы прэтэнзіі ведамства да сасісак "Кракаўскіх" і каўбасы варанай "Часночны Смак", спецыяліст адзначыла: "У мяне няма ніякіх афіцыйных папер, якія пацвярджаюць гэты выпадак. Я не ўпэўненая, што гэта праўда. З'явіцца афіцыйны дакумент з пячаткай і подпісам — будзем прымяняць нейкія меры, праводзіць службовае расследаванне. Пакуль інфармацыя апублікаваная на сайце "Рассельгаснагляду". Хоць сайт працуе афіцыйна, афіцыйнага пацверджання таго, што нешта здарылася, няма. Ніякіх скаргаў не паступала, а напісаць можна і на плоце".

Аксана Хіжынская запэўнівае: "На Гомельскім мясакамбінаце правяраецца усё як мае быць, і ў апошні час нічога шкоднага заўважана ў прадукцыі не было".

Спецыяліст звярнула ўвагу на яшчэ адзін цікавы факт: "Дадзеныя каўбасныя вырабы на экспарт у Расію мясакамбінат не пастаўляе наогул ("толькі ялавічыну"). Як прадукцыя з'явілася ў Расійскай федэрацыі, пакуль незразумела".

Дарэчы, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання таксама не пагадзіліся з інфармацыяй, размешчанай на сайце Расселгаснагляду.

"Сітуацыя з асабліва небяспечнымі захворваннямі жывёл у краіне добрая, у тым ліку па АЧС. Выпадкаў захворвання свінняў АЧС на фермах няма", — заўважылі ў міністэрстве.

Нагадаем, што 5 сакавіка Рассельгаснагляда на адрас ветэрынарнай службы Беларусі накіраваў ліст з просьбай удакладніць эпізаатычны стан тэрыторыі краіны, у тым ліку па афрыканскай чуме свіней. Адказ на запыт служба не атрымала, разам з тым у тэлефонным рэжыме беларускія калегі запэўнілі Рассельгаснагляд у тым, што ўспышак захворвання на тэрыторыі рэспублікі не адзначаецца.

З 10 красавіка "Расселгаснагляд" уводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі свініны з Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі