На гродзенскім Фэсце паветраных змеяў ляталі і людзі (фота)
Жыхары Гродна ў першы дзень восені запусцілі на беразе возера Юбілейнага сваіх паветраных змеяў.
Так 1 верасня адкрыўся IV Фэст паветраных змеяў, які стаў для горада традыцыйным.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства аматарскае аб'яднанне “Геншікен” і парк забаў “Джунглі Парк” падрыхтавалі прызы ў намінацыях “Самы прыгожы паветраны змей”, “Самы вялікі паветраны змей”, “Змей, які ўзляцеў вышэй за ўсіх” і “Самы малады ўдзельнік”.
Максімальнай вышынёй, на якую узняўся сёння паветраны змей шахматнай афарбоўкі, стала 130 метраў. У мінулым годзе Цімафей Сідаманідзе выйграў ў гэтай жа намінацыі, падняўшы свайго змея на 100 метраў. Па словах яго бацькоў, яны рыхтаваліся да канкурэнтнай барацьбы і запасліся яшчэ 100 метрамі спецыяльнай ніткі.
Самым прыгожым змеем стаў чорны Кажан. А самому маладому ўдзельніку фестывалю ў гэтым годзе споўнілася 2 гады.
У намінацыі “Самы вялікі паветраны змей” бясспрэчна выйграў змей амерыканскай вытворчасці “Кайт” плошчай 12 кв.м. Пры запуску ўладальнік “Кайта” не разлічыў сілу ветру і ўзляцеў у неба. У выніку змей працягнуў свайго гаспадара яшчэ і па зямлі.
Усяго ў фэсце прынялі ўдзел больш за 30 чалавек.