На капейку-другую падаражэе: рубель адштурхнецца ад дна разам з нафтай?
Банкамат у Мінску / "Чай з малінавым варэннем"
У ноч на 9 лістапада ўпалі сусветныя цэны на нафту, а ўслед за імі, як косткі даміно, склаліся расійскі і беларускі рубель. Хто не паспеў з самай раніцы затарыцца доларамі і еўра, зараз кусаюць локці, назіраючы за тым, як растуць чужыя грошы.
А што, калі заўтра нафта зноў падаражэе? Долар і еўра вернуцца да курсаў 8 сакавіка?
Старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб лічыць, што некаторы "адскок" магчымы, бо курс расійскага рубля рэагуе на цэны на нафту, а курс беларускага рубля — на курс расійскага. Але пра тое, што ў найбліжэйшыя дні рубель вернецца на ўзровень канца мінулага тыдня, гаварыць не даводзіцца:
"Невялікі рост нафты з цяперашніх узроўняў будзе азначаць невялікае ўмацаванне расійскага рубля да долара. Для беларускага рынку, у сваю чаргу, гэта будзе азначаць, што расійскі рубель з сённяшніх мінімумаў трошкі будзе расці, а долар з сённяшніх максімумаў трошкі будзе зніжацца. Не, гаворка не ідзе пра тое, што заўтра і паслязаўтра ён вернецца да ўзроўню мінулай пятніцы. Але вельмі верагодна, што заўтра-паслязаўтра долар стане трошкі, на капейчыну-дзве, таннейшы. Гэта мне здаецца найбольш верагодным сцэнарам, калі не здарыцца нешта яшчэ".
Іншы сцэнар: нафта стане яшчэ таннейшай і пацягне за сабой расійскі рубель
Вадзім Іосуб лічыць такое развіццё падзей малаверагодным:
"Вельмі верагодна, што сёння мы бачылі лакальнае дно па нафце — зніжэнне цаны на нафту да 20 долараў за бараль пры існуючых уводных даных не здаецца мне рэальным. Раніцай [9 сакавіка] нафта маркі "Брэнт" падала да 32 долараў за бараль, пазней стала расці да $36-37. Для таго каб яна зноў апусцілася да 32 долараў, патрэбны новыя негатыўныя фактары. У іх адсутнасць нафта, хутчэй за ўсё, будзе расці ў напрамку 40 долараў за бараль. Магчыма, пазней яна стабілізуецца ў дыяпазоне 40-45 долараў за бараль".
Незалежны аналітык Сяргей Чалы звяртае ўвагу на тое, што на курсы ўплывае не толькі цана на нафту.
"Цяпер незразумела, ці ёсць там спекулятыўны складнік. Але традыцыйныя паводзіны Нацбанка ў апошні час — даць рынку самому вызначыць раўнавагу. Можна чакаць, што раўнаважны ўзровень будзе ніжэйшы за пікавы. Але мы ж не ведаем, ці бачым мы пік зараз.
Але ідэя Нацбанка ў тым, каб долар вырас да ўзроўню, калі гульцам на рынку будзе выгадна яго прадаваць больш, чым купляць. І тым самым рух скончыцца".
Пра тое, што Нацбанк не збіраецца штучна стрымліваць курс беларускага рубля, 9 сакавіка заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. У такім выпадку наша валюта будзе рухацца паралельна нафце і расійскаму рублю, як прагназуе Вадзім Іосуб. Аднак схаваныя фактары — "спекулятыўны складнік", пра які кажа Сяргей Чалы, — могуць справакаваць "пералёт" курса або адсунуць "адскок".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.