На кліматычнай канферэнцыі ў Парыжы могуць абмеркаваць сірыйскі канфлікт
У Парыжы 30 лістапада адкрылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная змяненню клімата. Яна ладзіцца пад эгідай ААН і працягнецца да 11 снежня. Асноўная тэма — праблема выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Мяркуецца, што па выніках канферэнцыі будзе прынята шматбаковае кліматычнае пагадненне, якое заменіць Кіёцкі пратакол.
У канферэнцыі прымуць удзел лідары 147 дзяржаў, 14 тысяч прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Плануецца правесці 227 мерапрыемстваў.
Беларусь на мерапрыемстве прадставіць дэлегацыя на чале з мінстрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Каўхутам.
Акрамя асноўнай тэмы канферэнцыі, чакаецца, што палітыкі абмяркуюць пытанні міжнароднай бяспекі, у тым ліку сірыйскі канфлікт.
Аховай бяспекі ў Францыі ў гэты час будуць займацца 120 тысяч праваахоўнікаў. Кіраўнік МУС Францыі Бернар Казнёў заклікае жыхароў сталіцы не выкарыстоўваць уласныя машыны, бо падчас канферэнцыі будзе перакрывацца шэраг дарог. Чакаецца, што праезд у грамадскім транспарце ў гэтыя дні будзе будзе бясплатным.
Фота: econews.com.au