На крадзяжы папалася беларуска, прызнаная мёртвай ў 2016 годзе
Крадзеж, ілюстрацыйнае фота
Пракуратура Гомельскай вобласці заўважыла ў СМІ інфармацыю пра казусную сітуацыю: у снежні 2023 года за крадзеж затрымалі жанчыну, абвешчаную памерлай у 2016-м.
Выявілася, што ў 2010 годзе жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да сына. Ёй налічылі выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне хлопчыка. Але з чэрвеня 2010-га жанчына хавалася, і яе абвясцілі ў вышук. У 2011-м Добрушскі суд прызнаў яе адсутнай без вестак. А ў красавіку 2016-га яе прызналі памерлай. Насамрэч жа яна проста хавалася, каб не плаціць алменты на сына.
Згодна з заканадаўствам, памерлым можна прызнаць чалавека, калі па месцы яго жыхарства няма звестак аб месцы яго знаходжання на працягу трох гадоў. Дадаткова вывучэнне выявіла, што ў сакавіку 2014-га жанчына пісала заяву начальніку Добрушскага РАУС і па амністыі на яе была спыненая крымінальная справа аб крадзяжы.
У выніку пракурор Гомельскай вобласці апратэставаў рашэнне Добрушскага суда аб прызнанні жанчыны памерлай. На сёння пракуратура Добрушскага раёна вырашае пытанне пра спагнанне з "ажылай" жанчыны грошай на карысць яе сына ў выглядзе пенсіі з нагоды страты кармільца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.