“На лекі чалавеку з перасаджаным сэрцам трэба каля 20 тысяч долараў у год”

Колькі аперацый плануецца правесці сёлета і ці былі канфлікты са сваякамі донараў.

ЕРБ: Рыхтуючыся да размовы, я знайшоў паведамленні толькі пра пяць аперацый па перасадцы сэрца. Але ж іх у вашым цэнтры правялі ўжо 11. Такія аперацыі сталі да такой ступені звычайнай з’явай, што пра іх нават не паведамляюць журналістам?

Аляксандр Мрочак: Сенсацыі з гэтага ўжо не зробіш, ідзе звычайная праца. Калісьці і па выдаленні апендыцыту была першая аперацыя, а зараз гэта руцінная праца, агульная хірургія.

ЕРБ: Усе аперацыі па перасадцы сэрца праводзіліся уначы. А чаму менавіта ўначы?

Аляксандр Мрочак:
Донар мог быць і днём. Донар знаходзіцца “на апаратах” пры загінуўшым мозгу. Толькі тады гэта донар для перасадкі сэрца. Для таго, каб устанавіць смерць мозгу, гэта робіцца калектыўна, з удзелам органаў пракуратуры, пры ўдзеле органаў, якія кантралююць правільнасць усіх юрыдычных нормаў магчымасці вымання органа донара. Пасля таго, як гэтыя працэдуры праведзены, спецыялісты забіраюць сэрца, якое працуе, і перавозяць да нас. Так атрымлівалася, што калі донар з’яўляўся ўдзень, пакуль гэтыя працэдуры пройдуць, пакуль будзе вывучаны стан здароўя органаў донара, рэальна перасадка пачыналася ўначы.



ЕРБ: Калі донарскі орган вязуць да вас, вы ўжо ведаеце яго “характарыстыкі” і таго, каму ён падыдзе?

Аляксандр Мрочак: Мы ацэньваем сумяшчальнасць. Калі рэцыпіент і донар сумяшчальныя па шэрагу паказчыкаў, то сэрца забіраецца і прывозіцца. Звычайна чакаюць некалькі чалавек — для таго, каб быў рэальны шанц перасадкі хаця б каму-небудзь з іх. Былі адмовы ад перасадкі. Гэта звязана з тым, што стан здароўя донара альбо канкрэтна яго сэрца не дазваляў па пэўных параметрах яго перасадзіць.

ЕРБ: Колькі чалавек сёння знаходзіцца ў “спісе чакання” на перасадку сэрца?

Аляксандр Мрочак: Калі казаць пра абследаваных рэцыпіентаў, якіх праверылі на сумяшчальнасць, на стан здароўя, на паказанні, дзе вызначаюцца паказчыкі да перасадкі, то такіх у нас у спісе 25-30 чалавек. Чаму я даю такую недакладную лічбу? Таму што сёння можна сустрэцца з сітуацыяй, калі рэцыпіент кажа: “Я пачакаю. Я сёння адчуваю сябе троху лепш”. Таму перасадка можа быць адкладзена. Але калі казаць пра захворванні, калі перасадка з’яўляецца адзіным сродкам лячэння, то такіх каля 140 чалавек.

ЕРБ: Тры вашы былыя пацыенты памерлі ад пнеўманіі. Ці можна казаць, што пнеўманіі было лёгка да гэтых людзей “дабрацца” дзякуючы таму, што ім перасадзілі сэрца?

Аляксандр Мрочак: Калі перасаджваецца сэрца, пацыент, які гэтае сэрца атрымаў, атрымлівае прэпараты, якія падаўляюць імунітэт, — для таго, каб сэрца не адрыналася. І цягам усяго жыцця прымаюцца гэтыя прэпараты, строга дазуюцца. Прэпараты дастаткова дарагія. Яны фактычна і вызначаюць кошт перасадкі — кошт гэтых прэпаратаў. З падаўленым імунітэтам лёгка атрымаць любую інфекцыю, яна лягчэй пранікае ў арганізм і робіць сваю "чорную" справу. У перыяд эпідэміі А/H1N1 гэты агрэсіўны грып, магчыма, працякаў бы інакш, у значна больш лёгкай форме, але з-за таго, што імунітэт быў падарваны ў гэтых пацыентаў, атрымалася, што ён выклікаў цяжкія формы, якія былі несумяшчальныя з жыццём.

ЕРБ: Колькі аперацый па перасадцы сэрца плануецца правесці сёлета?

Аляксандр Мрочак: Мы плануем правесці каля 20 такіх аперацый па перасадцы сэрца. І пачаць новы этап — перасадку лёгкага альбо перасадку комплексу — сэрца-лёгкія.

ЕРБ: Лекі, якія пасля аперацыі мусіць прымаць чалавек, аплачвае дзяржава. А колькі гэта каштуе?

Аляксандр Мрочак: Цягам года каля 15-20 тысяч долараў патрэбна, каб дзяржава выдзяляла кожнаму пацыенту з перасаджаным сэрцам. Але, з іншага боку, давайце паглядзім, колькі каштуе лячэнне пацыента з сардэчнай недастатковасцю, які пастаянна паступае ў стацыянар. Яны ж фактычна прапісваюцца ў шпіталі. Толькі на нядоўгі час ён дома, а потым ізноў вяртаецца — і мы працуем з ім. Ён непрацаздольны, не можа нічога вырабляць карыснага для дзяржавы — ён інвалід. Пасля перасадкі сэрца ён можа выконваць працу. Хай не цяжкую фізічную, але нейкую фізічную працу можа выконваць.

ЕРБ: Ці былі выпадкі, каб пацыенты, жадаючы наблізіць час аперацыі, спрабавалі даць хабар дактарам ці выкарыстаць знаёмства?

Аляксандр Мрочак: Калі канкрэтна казаць пра перасадку сэрца, то з такімі выпадкамі мы не сустракаліся. Нягледзячы на тое, што гэта, здавалася б, пытанне жыцця шмат для якіх пацыентаў — як бы найхутчэй, і тады ёсць нейкая ўпэўненасць у існаванні на гэтай зямлі. Але менавіта сярод гэтай катэгорыі пацыентаў такіх выпадкаў не было. Я не скажу, што ў нас вопыт каласальны — было толькі адзінаццаць аперацый, але пакуль такога не было. У кардыёхірургіі ўсё дастаткова празрыста, і паказчыкі адпрацоўваць дактары. Калі мы бачым, што пацыент яшчэ здольны жыць, а ёсць іншыя, якія патрабуюць гэтага ўмяшальніцтва раней, то мы праводзім замену.

ЕРБ: Ці не ўзнікала ў вас канфліктаў са сваякамі донара, чыё сэрца забралі без іх дазволу?

Аляксандр Мрочак: Так заканадаўства ўстроена і так устроеная сама працэдура, што дактары са сваякамі донараў не кантактуюць. Кантактуюць супрацоўнікі пракуратуры, дактары, дзе лячыўся гэты пацыент. Мы, група, якая забірае донарскі орган, практычна не звязаныя з гэтым. І ніколі ніякіх прэтэнзій з гэтай нагоды нам выказана не было. Больш за тое, сёння заканадаўства аб донарстве ў Рэспубліцы Беларусь адно з найлепшых, напэўна, у Еўропе. Прэзумпцыя згоды, так званая, культывуецца. Гэта магчымасць не пытаючыся сваякоў забіраць орган. Калі да гэтага сваякі не заявілі, што яны не згодныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі