На Магілёўшчыне сяляне ствараюць грамадскую ініцыятыву “Падворак”
Яе галоўная мэта — абарона прыватных падворкаў і спрыянне развіццю вырабу прадукцыі прыватнымі гаспадаркамі.
Адзін са стваральнікаў “Падворка”, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі распавядае, што ініцыятыва ўжо пераадолела рэгіянальны ўзровень і выклікала вялікую цікавасць у сельскіх жыхароў з іншых абласцей краіны:
“Ёсць праблема эфектыўнага вядзення прыватнай гаспадаркі. Наш народ бедны, а падворкі дазваляюць весці бізнес, дзякуючы якому можна карміць і апранаць дзяцей, а таксама набываць машыны і кватэры. Гэта абсалютна нармальная з'ява для эканомікі кожнай краіны”.
Эксперт лічыць, што ў гэтым пытанні дзяржава павінна дапамагаць людзям, а не перашкаджаць.
“Улады павінны спрыяць развіццю прыватных падворкаў, а яны ўсялякім чынам гэтаму замінаюць. Яны прыводзяць аргументы, што цяпер неабходна развіваць буйнамаштабныя вытворчасц, і не варта нагружаць экалагічна вёскі і падворкі. Лічыцца, што такім чынам мы выведзем эканоміку краіны на новы ўзровень. Аднак чыноўнікі знаходзяцца ў стадыі ілюзіі, навеянай сітуацыяй сярэдзіны 1970-х — пачатку 1990-х гадоў, калі доля падворкаў у валавой вытворчасці сельскагаспадарчай і таварнай прадукцыі складала ад 40 да 60%”.
Пётр Мігурскі адзначае, што практычна бясплатная прадукцыя, якая паступала на перапрацоўку на малаказаводы і мясакамбінаты, фармавала вельмі вялікі прыбавачны кошт. Гэта і стварыла ілюзію таго, што ў нас высокаэфектыўная сельская гаспадарка. Эксперт лічыць, што на дадзены момант сельская гаспадарка татальна стратная. У 2013 годзе атрымаўся правал па ўсіх напрамках. І тут, на яго думку, не вінаватая афрыканская чума свіней — тут вінаватая сістэма гаспадарання.
Да ініцыятывы далучыліся і мясцовыя праваабаронцы. Барыс Бухель гатовы дапамагаць любым чынам, у тым ліку, дзяліцца праваабарончай практыкай, якая звязаная з адстойваннем інтарэсаў сельскіх жыхароў. Расказвае праваабаронца:
“Гэта ініцыятыва ствараецца для таго, каб дапамагчы людзям самаарганізавацца ў пытаннях, якія іх хвалююць. У дадзеным выпадку ёсць неабходнасць аб'яднацца людзям, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, бо бачна, што ў іх штогод узнікаюць адны і тыя ж праблемы. Зразумела, сумесна іх вырашаць прасцей. Тут трэба ведаць законы, каб іх праблемамі займаліся прафесіяналы, а не так як адбываецца — кожны сам за сябе, кожны наступае на адны і тыя ж граблі”.
Стваральнікі ініцыятывы ўжо правялі сустрэчы і кансультацыі з сельскімі жыхарамі розных раёнаў, якім спадабалася ідэя, і якія гатовыя браць самы актыўны ўдзел у яе працы.
Фота: vandrouka.by
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма