На Марсе знайшлі падземнае возера з салёнай вадой
На Марсе навукоўцы знайшлі падземнае возера з салёнай вадой. Пра гэта паведамляецца ў новым даследаванні, апублікаваным у часопісе Science, перадае Радыё "Свабода".
Возера размяшчаецца каля паўднёвага полюсу планеты. Яно залягае на глыбіні паўтара кіламетра пад марсіянскім лёдам і мае ў шырыню да 20 кіламетраў. Паведамляецца, што гэта найбуйнейшы вадаём, выяўлены на Марсе.
Навукоўцы даўно шукалі ваду на Марсе, бо яна важны элемент для існавання жыцця ў разуменні сучаснай навукі.
На думку навукоўцаў, вада ў выяўленым возеры салёная і блізкая да кропкі замярзання — гэта не найлепшыя ўмовы для ўзнікнення жыцця. Але, дарэчы, на Зямлі ёсць мікробы, якія здолелі прыстасавацца да такіх умоваў.