На Майдане набралі 4 аўтобусы добраахвотнікаў у батальён “Данбас”
Камандзір спецпадраздзялення Нацыянальнай гвардыі Украіны Сямён Сямёнчанка правёў на Майдане мабілізацыйную кампанію.
Пра гэта паведамляецца на старонцы батальёна ў Фэйсбуку:
“Чатыры аўтобусы мабілізаваных майданаўцаў адпраўленыя камандзірам батальёна “Данбас” Сямёнам Сямёнчанка ў трэніровачную базу Нацыянальнай Гвардыі ў Новыя Петраўцы. Іх чакае ваенная падрыхтоўка, “сухі закон”, стральба ды іншыя цікавыя справы. А галоўнае — яны далучацца да працэсу вызвалення Данецкага і Луганскага рэгіёнаў і навядзення там парадку ў пасляваенны час”, — гаворыцца ў паведамленні.
Раней, 29 траўня батальён “Данбас” афіцыйна абвясціў узмоцненую мабілізацыю ў свае шэрагі. Меркавалася, што з 30 траўня створаны з добраахвотнікаў батальён пачне падрыхтоўку са спецыялістамі ў якасці спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарыстамі, інфармуе УНІАН.
Батальён будзе адпаведным чынам навучаны, узброены, экіпіраваны, і ўсе яго далейшыя дзеянні ў складзе сіл антытэрарыстычнай аперацыі будуць каардынавацца камандаваннем спецаперацыяў. Асабісты склад батальёна будзе налічваць да 300 чалавек.
Фота: REUTERS