На Міністэрства інфармацыі павесілі ланцугі
10 снежня каля 10:30 моладзевыя актывісты наклеілі на калоны каля ўваходу ў Міністэрства інфармацыі вялізныя плакаты з цытатай 33-га артыкула Канстытуцыі і 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У іх гарантуецца свабода меркаванняў і іх выказванне, а манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура не дапускаюцца.
Акрамя таго, маладыя людзі павесілі ланцугі на дзверы міністэрства, піша "Новы час". Уваход у будынак на нейкі час быў заблакаваны.
Праз хвілін 20 да ўваходу ў міністэрства падбеглі міліцыянты. Яшчэ праз нейкі час прыйшлі слесары, якія перакусілі ланцугі кусачкамі і вызвалілі ўваход. Таксама міліцыянты сарвалі цытаты з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі.
10 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека.