На Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі беларусы дамагліся поспехаў

У Віцебску завяршыўся XXI Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Гран-пры на Міжнародным конкурсе атрымаў расейскі калектыў Boroditsky Dennis Dance Company , які прапанаваў аднаактавы балет “Мне шкада, што вы гэтага не зразумелі...”  Паспяхова выступілі і беларускія калектывы. Сярод трох дзесяткаў канкурсантаў з дзесяці краінаў тры беларускіх калектывы сталі лаўрэатамі. У намінацыі “Аднаактны балет” першую прэмію у памеры 1 500 долараў атрымала работа “Сталасць” мінскага Тэатра сучаснай харэаграфіі "D.O.S.Z.K.I.", на другім месцы — харэаграфічныя мініяцюры “Век на далоні” віцебскага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанкі і “Прага небяспекі” групы сучаснай харэаграфіі Змітра Куракулава “ТАД” з Гародні.

Крытыкі адзначылі відавочны рост беларускіх харэографаў. У прыватнасці, сябра экспертнай рады Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі “Залатая Маска” Ларыса Барыкіна прызналася, што “не пазнала” беларусаў, нягледзячы на тое, што шмат гадоў назірае не толькі за творчасцю гэтых калектываў, але і асабіста знаёмая з харэографамі.

Барыкіна: Чым цікавы віцебскі фестываль, дык гэта тым, што нехта прыязджае ў такім выглядзе, а праз некалькі год пазнаць іх немагчыма! Так адбылося з беларускімі калектывамі. Як яны здолелі на некалькі прыступак ўзляцець за кароткі час — для мяне загадка!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі