На мяжы з Беларуссю злавілі балгарына, якога на радзіме шукаюць за забойства
На беларуска-польскай мяжы памежнікі пасля таго, як спрацавала сігналізацыя, затрымалі грамадзяніна Балгарыі. Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, парушальнік мяжы ішоў з Польшчы ў Беларусь.
Пры сабе мужчына меў навігатар, мапу, пашпарт, сродкі адпалохвання сабак і 40 еўра.
Падчас праверкі выявілася, што мужчына знаходзіцца ў базе Інтэрпола. Яго шукаюць за забойства, учыненае на тэрыторыі Балгарыі.
Паведамляецца, што парушальніка мяжы памежнікі плануюць перадаць супрацоўнікам органаў унутраных спраў.