На "Нафтане" звольнены гендырэктар Уладзімір Траццякоў (відэа)
Генеральнага дырэктара ААТ "Нафтан" Уладзіміра Траццякова звольнілі з пасады, паведамляе "Вектар ТВ".
9 лютага наваполацкае прадпрыемства адзначае свой дзень нараджэння. Сёння ж яго наведала з працоўным візітам кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Яна і паведаміла пра звальненне гендырэктара.
Качанава: "На жаль, цяперашняму кіраўніцтву завода не ўдаецца аператыўна вырашаць некаторыя пытанні, якія датычаць мадэрнізацыі такога важнага прадпрыемства, як "Нафтан". Таму і прынята такое рашэнне".
Часовым выканаўцам абавязкаў гендырэктара "Нафтана" прызначаны Сяргей Алтухоў — намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці.
Траццякоў быў гендырэктарам "Нафтана" з красавіка 2011 года.