На пачатку зімы The Silicon прэзентавалі ў Мінску летнюю музыку

Апошняя нядзеля лістапада апынулася ні па-зімоваму гарачай у мінскім Doodah King Bar: сёрф-рок-трыа The Silicon тут прэзентавала свой дэбютны альбом “Desert Storm”.

Відавочна, што бар Doodah King здаваўся вузкаватым для шчыльнага гуку, здаровай энэргіі і імпэту публікі, якая ля сцэны закаціла сапраўдныя штармавыя танцы, тым больш, што самі музыкі актыўна заахвочвалі яе да рухаў у абмен то на цішотку з лога гурта, то на той самы новы дыск. Па ўсім было відаць, што музыка сёрф пачынае набіраць абароты і дзякуючы ўсё таму ж The Silicon, пашырае шэрагі сваіх прыхільнікаў, пераважна маладых і перспектыўных.

Для некаторых наведвальнікаў прэзентацыі The Silicon перастаў быць звычайным мінскім кавер-бэндам, зрабіўшыся гуру беларускага сёрф-року. Нехта з прысутных даведаўся пра існаванне ў рэпертуары гурта выключна аўтарскіх кампазіцый, якія з-за спецыфічнага “дрылістага” гучання і яскравых мелодый успрымаліся класічнымі і знаёмымі творамі музыкі сёрф.


Самі музыкі ўражваюць сілай і шчыльнасцю ігры, выглядаюць апантанымі фанатамі сёрфу і зацыклівацца на дасягнутым за два гады не збіраюцца. У іх планах – разагрэў Дзіка Дэйла.

Зміцер Паплаўскі: "Мы паедзем у Каліфорнію, сыграем на разагрэве ў караля сёрф-гітары Дзіка Дэйла на беразе Ціхага акіяна. А тады ўжо падумаем, чым заняцца далей".

Па словах удзельніка гурта Mr.Moto, збольшага прэзентацыя атрымалася.

Mr.Moto: “Як звычайна бывае, выходзіць не заўсёды той максімум, які плануеш. Не атрымалася па тэхнічных прычынах запусціць падрыхтаваны відэашэраг, затое парадаваў добры гук, добры разагрэў ад гурта Crazy Steaks, аддача публікі і зацікаўленасць альбомам, які актыўна раскупіўся ”.

На прыканцы імпрэзы да трыа далучыўся чацвёрты інструмент: разам з Дзянісам Саксам The Silicon выканалі некалькі вядомых кампазіцый.

Сярод прысутных на “сіліконаўскай” вечарынцы быў заўважаны айцец партала ultra-music.com Вячаслаў Радыёнаў (альбо Slaver). Slaver, вядомы сваёй прыхільнасцю да музыкі The Silicon і сёрфу ўвогуле, бачыць у гэтым руху перспектывы развіцця.

Вячаслаў Радыёнаў(Slaver): "Калі ўвогуле казаць пра сёрф-рок, дык гэта новы музычны стыль для Беларусі, але як бачна па канцэртах The Silicon, з кожным днём ён набывае ўсё больш і больш прыхільнікаў. І ў прынцыпе, нягледзячы на такую вузканакіраванасць сёрф-року, можна заўважыць, што аматараў у яго хапае, і гэта такая музыка – клубная музыка – увогуле і для Мінска, якая можа быць вельмі папулярная. Таму я думаю, калі апроч The Silicon у Беларусі з’явіцца яшчэ некалькі гуртоў, якія будуць граць сёрф-рок ці ракабілі, сэкабілі, гэта будзе толькі лепш. Ужо нават зараз недзе ў Расіі кажуць: калі вам хочацца паслухаць сёрф-рок, трэба ехаць у Беларусь. То бок кажуць пра The Silicon. А гэта паказчык таго, што такая музыка ў Беларусі ёсць і яна добра развіваецца".

На думку Slaverа, музыка сёрф і, хочацца спадзявацца, беларускі сёрф-рок на чале з The Silicon, упрыгожыць сваім гучаннем любы, а лепей, летні фестываль у свеце.

Цікава, што шмат хто з прысутных слухаючы The Silicon упарта асацыяваў іх музыку з акіянам.

Сябра Slaverа: Беларусь – не марская краіна, і сапраўды нам не хапае музыкі, якая б магла стварыць атмасферу Каліфорніі, паці на ўзбярэжжы акіяну. Крута, што ёсць The Silicon!

Знакаміты фатограф Юра Сідун таксама адкрыў для сябе беларускую марскую музыку.

Юра Сідун: У Беларусі няма мора, няма акіяну. Але, як аказалася, у Беларусі ёсць марская музыка. Вельмі прыемна.


Фота Змітра Руцкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі