На пажары ў Гарадку эвакуявалі 18 чалавек і выратавалі аднаго
17 красавіка ў 23:19 ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у Гарадку на вуліцы Невельская шаша, інфармуе прэс-служба МНС.
Прыбыўшы на месца выкліку, яны пабачылі дым з акна кватэры на чацвёртым паверсе чатырохпавярховага жылога дома. У кватэры супрацоўнікі МНС выявілі, што на канапе спіць гаспадар. Ратавальнікі вывелі яго з палаючага памяшкання. 55-гадовы мужчына з апёкамі рук і твару быў шпіталізаваны ў раённую лякарню.
З суседніх кватэр супрацоўнікі МНС эвакуявалі 18 чалавек, ніхто з іх не пацярпеў.
Мяркуецца, што прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
МНС падкрэслівае, што трагедыі атрымалася пазбегнуць дзякуючы пажарнаму апавяшчальніку. Яго сігнал пачула суседка і затэлефанавала ратавальнікам.