На Плошчы-2015 прапануюць змагацца за адстаўку… Ярмошынай
З’явілася першая стратэгія на бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары. Еўрарадыё абмяркоўвае яе з экспертамі і патэнцыйнымі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі.
Рыхтавацца не да прэзідэнцкіх выбараў, а да чарговай Плошчы заклікаў усіх беларусаў малады актывіст з Магілёва Яўген Бойка. Маўляў, няма ў нас іншага спосабу дабіцца грамадзянскіх правоў у нашай краіне.
Яўген Бойка: “Плошча ў рамках Канстытуцыі – ніякіх барыкадаў, ніякіх агрэсіўных дзеянняў. Увесь цэнтр гораду заняты людзьмі, якія нічога не робяць, нікуды не ідуць, ніякіх шэсцяў, ніякіх захопаў тэлевежаў. І – спіс канкрэтных патрабаванняў да ўладаў. Вось, да чаго мы павінны рыхтавацца”.
Самае цікавае, што заява гэтая прадстаўніком “Магілёўскай адукацыйнай ініцыятывы” была зроблена не падчас нейкай палітычнай акцыі, а на канферэнцыі “Будучыня Форуму грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміта Усходняга партнёрства”. Няўжо нашы НДА, якія заўжды трымаліся на адлегласці ад палітыкі, саспелі да таго, каб актыўна далучыцца да палітычнай барацьбы?
Ні ў якім разе, астуджае старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.
Сяргей Мацкевіч: “Безумоўна, частка (грамадзянскай супольнасці – Еўрарадыё) зацікавіцца такімі дзеяннямі і падтрымае палітыкаў у гэтай сітуацыі. Але ўсё ж такі большасць накіравана на актывізацыю грамадства, на выхаванне грамадска адказнай асобы, а ўжо потым гэта асоба сама вырашае, у якой дзейнасці ёй удзельнічаць”.
Сам Мацкевіч да ініцыятывы рыхтавацца да “Плошчы” ставіцца… “стрымана”.
Не менш стрымана на ідэі Бойкі рэагуе і лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў: “Уявіць сабе тую плошчу, пра якую казаў гэты хлопец, немагчыма. Сёння гэта немагчыма”.
Праўда, удакладняе: тое, што такія прапановы прагучалі падчас канферэнцыі грамадзянскай супольнасці, сведчыць пра тое, што яна саспела да палітыкі.
Грамадзянская супольнасць не тое, што саспела да палітычнай актыўнасці, але ўжо і пераспець паспела, сцвярджае кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Андрэй Ягораў: “Пасля выбараў 2010 года, калі стала зразумела, што гэта — “выпаленая зямля” і можна будаваць нейкія кансалідаваныя стратэгіі, бачачы наперадзе выбары 2015 года як сітуацыю, дзе магчымыя змены, трэба было рыхтавацца ўсім-усім разам. Выбудоўваць нейкі супольны рух зменаў. Тады быў гэты шанец і можна было абмяркоўваць агульную стратэгію зменаў, парадак дзеянняў, глядзець на лідараў, якія б прадстаўлялі гэты рух. А зараз”…
А зараз, сцвярджае Ягораў, гэта імітацыя палітычнай барацьбы. Як і стварэнне розных палітычных кааліцый, якія ствараюцца для таго, каб пратрымацца некалькі палітычных сезонаў, упэўнены эксперт. І нават ніякі “адзіны кандыдат” не вырашыць гэтую сітуацыю.
Але можа сітуацыю вырашыць тое, што прапануе аўтар “Стратэгіі-2015” Яўген Бойка?
Яўген Бойка: “Канкрэтная мэта (Плошчы-2015 і грамадскага супраціву – Еўрарадыё) – звальненне старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі і прызначэнне на яе месца аднаго з лідараў плошчы. Гэта дазволіць кантраляваць працэс выбараў і нават яго арганізоўваць”.
“Глупства”, — не пагаджаюцца з такой мэтай агульнанацыянальнай Плошчы іншыя суразмоўцы Еўрарадыё.
“Справа не ў асобе Ярмошынай, не ў ЦВК і, па вялікім рахунку, не ў Лукашэнку, — разважае сустаршыня БХД Павал Севярынец. – Справа ў тым, што кампраміс і грамадская дамова са злом, якая зараз існуе ў Беларусі ў выглядзе цярпімасці да гэтага зла, цярпімасці, кампрамісу – камфортна жыць альбо выжываць пры гэтым рэжыме – вось гэта камень на шляху да дэмакратыі”.
Хоць, кажа, сэнс у Плошчы ёсць, калі ўсе патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты адмовяцца ад сваіх амбіцый ды заявяць пра байкот выбараў.
Дарэчы, у Бойкі ёсць рэцэпт, як схіліць палітычных лідараў да Плошчы замест выбараў. Праўда, падобны ён больш на шантаж.
Яўген Бойка: “Хто далучыцца да гэтага руху, ён патэнцыйна можа стаць лідарам, а хто не далучыцца і будзе кампаніі выбарчыя праводзіць… Нічога страшнага, калі яны будуць удзельнічаць у выбарах, але пытанне – ці будуць тады яны мець падтрымку людзей?”
На пытанне, хто апроч яго будзе займацца ажыццяўленнем “Стратэгіі – 2015”, Яўген Бойка так і не адказвае. Як нічога не кажа і на тое, за якія грошы гэты будзе рабіцца. А на пытанне, якім бокам адукацыйная ініцыятыва тычыцца палітычнай дзейнасці, што разважае пра арганізацыю Плошчы, адказвае проста: “Не трэба фармальнасцяў – галоўнае, каб ідэя вартая была, а не тое, хто яе выказвае”. І абяцае падрыхтаваць “план” Плошчы і арганізацыі “шырокага грамадскага супраціву” цягам некалькіх месяцаў.
Вынік падводзіць Андрэй Ягораў, які раіць не ўспрымаць словы Бойкі хоць крыху сур’ёзна.
Андрэй Ягораў: “Ён проста пераказвае ўсё тое, што чуў ад Уладзіміра Мацкевіча, кола людзей, якія гуртуюцца вакол Кансорцыўма ЕўраБеларусь, Агенцтва гуманітарных тэхналогій. За ўсе гады ён наслухаўся розных словаў і гэтыя словы паўтарае, але паўтарае без сэнсу”…
Пры пэўных абставінах прапановы магілёўскага актывіста мелі б сэнс, але сёння абставіны не адпаведныя, упэўнены эксперт.
Фота: www.svaboda.org