На прадпрыемствах у беларускіх рэгіёнах знайшліся смелыя людзі

Многіх рабочых у час крызісу адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. Еўрарадыё вырашыла пашукаць тых, хто адважыўся не пагадзіцца з гэтым

"У нас на прадпрыемствах не адмаўляюцца падпісваць. Калі яны адмовяцца, іх проста звольняць", — "абламаў" на самым пачатку прафсаюзны лідэр Аляксандр Бухвостаў.

Але аказалася, што ёсць яшчэ ў беларускіх рэгіёнах смелыя людзі!

Зінаіда Міхнюк, прадстаўніца прафсаюза РЭП у Берасці, распавяла Еўрарадыё, што спрабавалі на прадпрыемстве "Светатрон" адправіць усіх на аднадзённы працоўны тыдзень! Але рабочыя выступілі супраць.

Зінаіда Міхнюк: "Мы дабіліся праз дэпартамент інспекцыі працы адмены рашэння, дзякуючы таму, што рабочыя не пабаяліся не пагадзіцца".

Але ў гэтым годзе прадпрыемства пераводзяць на чатырохдзёнку, якраз перад пачаткам дачнага сезону. Міхнюк кажа, што, каб мець магчымасць папрацаваць на зямлі, людзі вырашылі пагадзіцца:

"З сакавіка ўводзілі чатырохдзёнку. Мы параіліся і вырашылі, што паўсюль увялі, а што казаць пра наш "Светатрон", які да крызісу быў крызісны. Дык мы вырашылі, што за адзін дзень гэты не разбагацееш, а так на лецішчы можна дапамагчы бацькам. Таму вырашылі на лета пагадзіцца".

Нярэдка працаўнікоў проста ставяць перад фактам, што ў сувязі з цяжкім становішчам трэба сыйсці. Але калі людзі адмаўляліся, іх не прымушалі, кажа Ларыса Насановіч, прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП, пра салігорскую "Калінку", якая выпускае швейныя вырабы:

"Падыходзіць начальнік цэха і кажа, што цяжкае матэрыяльнае становішча ў нас, а там гэтага не хаваюць. Працаўнікі ведаюць, што склады забітыя. Таму цяпер пару чалавек з гэтага цэха пойдуць за свой кошт, а праз месяц з іншага цэха — па чарзе.

Калі людзі адмаўляліся, там не настойвалі. Маглі ўгаворваць. У каго чарговыя адпачынкі, але не па плане, прымушалі браць. Або ісці на 2\3 тарыфу. Але так, каб да звальнення, такога не было".

Калі людзі разам адстойваюць сваё права на працу, то начальства вымушанае ісці на саступкі, пацвярджае працаўнік полацкага аб'яднання "Шкловалакно" Мікола Шарах:

"Былі папярэднія размовы, што будзе рабіцца скарочаны тыдзень. Будзе два выхадных лішніх. Там трэба было падпісаць, што згодзен добраахвотна без аплаты. Але мы сказалі, што падпісваць не будзем. І ўсё так і скончылася размовамі, і нічога не ўвялі".

А калі рабочы застаецца ў меншасці, то даводзіцца падпісваць, бо управу на яго знайсці проста, кажа Аляксандр Бухвостаў:

"Гэта потым узгадваюць людзям. У кагосьці сканчаецца катракт. Кагосьці правакуюць на парушэнні. Напрыклад, чалавек дзесьці нешта не выканаў. Яго падводзяць пад парушэнне распарадку і звальняюць. У Беларусі правоў у рабочых няма".

А вось што распавядае прадстаўнік свабоднага прафсаюзу "Мастадрэў" Дзмітрый Кухлей:

"Наступствы такія, што проста не працягвалі кантракт. Кантракт мінулы канчаецца, таму што наймальнік змяняе умовы працы. Чалавеку даюць падпісаць новы кантракт з новымі ўмовамі. Ён яго не падпісвае і мусіць сыходзіць".

Але аказалася, што ёсць людзі, якія ў адзіночку не пагаджаюцца на такія ўмовы. Распавядае Віктар Казлоў з гомельскага прафсаюзу РЭП:

"Адпраўляюць цэх за свой кошт. Кажуць пішы заяву! Чалавек адмаўляецца. На ДОКе малады хлопец, пасля тэхнікума па размеркаванні патрапіў туды. Ну нічога, адмовіўся і пайшоў проста на 2\3 стаўкі".

Але такіх людзей мала, бо часта гэта прыводзіць да пэўных наступстваў.

Яшчэ часцей практыкуецца скарачэнне працоўнага тыдня з 2\3 аплаты. Бо паводле заканадаўства згода працаўнікоў на гэта непатрэбная. Таму большасць прадпрыемстваў у Беларусі працуе па 3-4 дні.



Фота: aif.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі