На прэм’еры фільма “Мы, браты” гледачы смяяліся ўголас
Чырвоная дарожка перад мінскім кінатэатрам “Масква”, бальныя танцы, людзі ў вечаровых строях… Прэм’ера фільма “Мы, браты” праходзіць з пафасам, з якім і мусіць падавацца нацыянальны праект. Вось толькі з’яўленне беларускіх віпаў не суправаджаецца візгам фанатаў, журналісты не перакрыкваюць адзін аднаго ў спадзяванні, што менавіта іх пытанне атрымае адказ мімаходам. І толькі адзінокі затвор фотаапарата зрэдку перарывае цішыню на прыступках кінатэатра. У фае будынка крыху больш жвава. Нават з’яўляецца адчуванне, што ты прысутнічаеш на нейкай гістарычнай падзеі. Але і тут скептыкаў хапае. Яны выдаюць сябе сціплымі ўсмешкамі ды ледзь заўважным пацісканнем плячыма у адказ на маўклівы ківок галавы: “Што думаеш?”.
Пачынаецца прэзентацыя трансляцыяй ролікаў, у якіх амерыканскія выканаўцы эпізадычных роляў распавядаюць пра прафесіяналізм беларускіх кінематаграфістаў, выбітнасць і непаўторнасць створанай стужкі. Натуральна, увага акцэнтуецца на Эрыке Робертсе, які ў фільме з’яўляецца агулам… цягам хвілін пяці. На пачатку стужкі галівудскі акцёр паўстае ў ролі кіраўніка таямнічай арганізацыі. Наступным разам ён трапляе ў кадр толькі напрыканцы фільма, калі высвятляецца, што ён здраднік. Пара эпізодаў — і ты на афішы фільма!
“Доўгія-доўгія гады мы ішлі да гэтай сцэны, да гэтага экрана, — кажа ўступныя словы прадзюсар фільма Сяргей Ждановіч. — Была прэм’ера ў ЗША, у Расіі, дзякуй богу, усё прайшло добра. Я веру, што мы, беларусы, убачым у гэтым фільме сябе. Убачым добрае кіно. Хачу сказаць дзякуй здымачнай групе, бо мы разам рабілі гэты фільм. Хачу сказаць дзякуй Міністэрству культуры Беларусі за тое, што яны проста калісьці паверылі!”
Першую палову карціны народ у зале паводзіць сябе даволі ціха. Праўда, часам даносяцца заціснутыя ў кулак усмешкі ды перашэптванні. Але на другой палове пачынаецца гістэрычны смех. Абсурднасць сітуацый ды іх падача перавальваюць праз край і ўжо немагчыма трымацца:
Два браты сварацца з-за партыі ў більярд. Пасля чаго малодшы ўцякае з клуба, а старэйшы праводзіць яго дзяўчыну дадому. Рэўнасць даводзіць да сваркі і разладу ў сям’і. Увесь фільм дзяўчына не можа пагаварыць са сваім каханым і распавесці, што нічога ў яе з братам не было. Тым часам высвятляецца, што ў свеце існуюць таемныя арганізацыі авелітаў і каінітаў, якія увесь час знаходзяцца ў крывавай барацьбе. Пры гэтым малодшы брат пазначаны пячаткай Каіна, але яна яшчэ не актывізавалася. Спыніць гэты працэс прыязджае амерыканская журналістка, якая паралельна з’яўляецца галоўным баевіком авелітаў. Па прыездзе ў Мінск, яе вядуць на БелАЗ, як прадстаўніка замежнай дэлегацыі… але ў гэтай дэлегацыі яна адна! Там велічэзны БелАЗ давіць людзей і спрабуе забіць журналістку. Служба аховы прэзідэнта!!! бярэ жанчыну пад уласную ахову! Паралельна спрабуючы спыніць тэрарыстаў, якія ўсё ж падрываюць аўтобус і метро ў цэнтры Мінска...
Калі пачынаюцца цітры, людзі літаральна выбягаць з кінатэатра. Яшчэ не паспелі запаліць святло ў зале, а памяшканне амаль апусцела. Ствараецца ўражанне, што беларускія віпы папросту не жадаюць адказваць на няёмкае пытанне: “Ну як вам фільм?”. Ужо праз хвілін пяць у зале застаецца з дзясятак чалавек вакол прадзюсара карціны Сяргея Ждановіча ды столькі ж журналістаў вакол сталага праціўніка стужкі Андрэя Курэйчыка.
“Шчыра скажу, сюжэт гэтага фільма я так і не зразумеў, — каментуе ўбачанае вядомы сцэнарыст Андрэй Курэйчык, які яшчэ падчас стварэння фільма пасмейваўся і абураўся працэсам. — Я так і не зразумеў, у чым канфлікт паміж гэтымі братамі. Кожная сцэна фільма — пытанне. Што робіць гэтая амерыканка столькі часу ў Беларусі? Якая яе мэта? Якога Каіна яна шукае? Хто такія каініты ды авеліты? То бок я зразумеў, чаму на прэм’еры не прысутнічаў ні рэжысёр, ні сцэнарыст, ні аператар! Бо ім было б сорамна паглядзець у вочы беларускіх падаткапацельшчыкаў за тое, што яны высасалі з іх мільёны долараў, а паказалі вось гэта!”
Сапраўды, зразумець пра што фільм, вельмі складана. Але нам падалося, што гісторыя такая: на свеце існуюць нашчадкі Авеля і Каіна. Першыя — добрыя, другія — злыя. Але каініты не ведаюць пра тое, што пазначаныя пячаткай Каіна, бо яна актывізуецца ад крытычнай сітуацыі вакол асобы носьбіта. Актывацыя гэтага кода выкліча разбуральную рэакцыю па ланцугу, пакуль у выніку не прывядзе да знішчэння чалавецтва. Дык вось такі небяспечны Каін з’явіўся ў Мінску, таму спыніць актывацыю пячаткі дасылаюць самага дасведчанага Авеліта — амерыканскую журналістку Сару Конар. Але ў канцы фільма высвятляецца, што сапраўдны злодзей — кіраўнік Авелітаў, а мінчанін — гэта проста персанаж для адводу вачэй.
Фінал карціны суправаджаецца выбуховым рогатам. Уявіце, закадравы голас падводзіць вынік двухгадзіннага фільма, гучаць сур’ёзныя рэчы пра братэрства і неабходнасць яго захавання, тым часам задуменная амерыканка выходзіць на балкон сваёй вілы паварочваецца прывабнай часткай цела і цалкам адцягвае на яе ўвагу гледача.
“Я не ўбачыў нічога, што звязвае гэтае кіно з мастацтвам, з культурай, з паняццем “нацыянальны кінапраект”, — працягвае праз смех дзяліцца ўражаннямі Курэйчык. — Мне падаецца, што гэта дыскрэдытацыя гэтай няшчаснай службы аховы прэзідэнта. Бо ўсё завяршаецца тым, што маёр службы аховы прэзідэнта ездзіць на Бэнтлі з дзяўчатамі па Малібу. І ў гэтым радасны фінал карціны..!”
Кадры мітынгу каля беларускага Дома ўраду, здымкі якіх нарабілі шуму і фактычна сфармавалі стаўленне да фільма, як да дзяржаўнага адказу стужцы “Жыве Беларусь!”, пераўтварыліся ў адзін незразумелы эпізод без сцягоў ды лозунгаў “Штосьці не так!”. Чаму людзі мітынгуюць, чаго спрабуюць дамагчыся, застаецца незразумелым. Затое адкрываецца таямніца працы службы аховы прэзідэнта, якая ўвесь час тэлефануе кіраўніку краіны, а той аддае загады: “Прымяняйце план шчыт!”, “План цэнтрыфуга! Толькі людзей не пакалечце!” і гэтак далей.
У якасці выніку хочацца сказаць, што мы не маем ні жадання, ні мэты адгаварыць вас ад прагляду фільма “Мы, браты”. Хутчэй наадварот, раім вам гэта абавязкова зрабіць. Хоць бы і дзеля таго, каб проста паглядзець, як можна здымаць нацыянальныя кінематаграфічныя праекты. Ну, і фінальны план з колішняй мадэллю Наташай Алам, пра які ўзгадвалі вышэй — таксама немалы плюс карціны.
Фота: tut.by