На прэміі "Rock Profi" выступяць Nizkiz, Harotnica і "Вірус Ліха"
Цырымонія, на якой музыкі ўручаць узнагароды музыкам, адбудзецца 28 траўня ў бары "Хуліган".
28 траўня ў мінскім бары "Хуліган" пройдзе трэцяя цырымонія ўручэння беларускай музычнай прэміі "Rock Profi" і канцэрт з удзелам гуртоў "Насарогаў і К.", Harotnica, Nizkiz i "Вірус Ліха". Пераможцаў вызначаюць самі музыкі, якія цягам апошніх трох гадоў самі адзначыліся рэлізамі.
"Год па любому моцны. То бок, усе намінанты, якія трапілі ў шорт-ліст, цалкам годныя таго, каб туды трапіць", ― мяркуе адзін са стваральнікаў прэміі, уладальнік гуказапісвальнай студыі "Осмас" Павел Юрцэвіч.
Прэмія "Rock Profi" будзе ўручаная ў шасці намінацыях: "Лепшы альбом", "Лепшая песня", "Артыст года", "Лепшы запіс", "Дэбют года" і "За ўнёсак".
Сёлета ўдзел у галасаванні ўзялі больш за 60 музыкаў. Намінанты і іншыя падрабязнасці "Rock Profi" будуць агучаныя на наступным тыдні.
Канцэрт-прэмія пройдзе ў адкрытым фармаце. Квіткі можна набыць у клубе "Хуліган" з 22 траўня.