“На прыём да Качанавай запісаліся 10 чалавек, але па вялікім рахунку ― 6”
Выязныя прыёмы па Дэкрэце “аб дармаедах” правядуць 16-17 лютага кіраўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі ў сталіцы і рэгіёнах. Да прыкладу, 16 лютага ў Жодзінскім гарвыканкаме можна сустрэцца з кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай, а ў адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска ― з памочнікам прэзідэнта Аляксандрам Пазняком. Ці можна запісацца да іх на прыём?
Тэлефаную ў Жодзіна, і ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян мяне адразу пагаджаюцца ўнесці спіс жадаючых патрапіць на сустрэчу з Наталляй Качанавай. Цікаўлюся, колькі чалавек ужо запісалася?
“Увогуле, запісаліся 10 чалавек. Але па вялікім рахунку – толькі шэсць. Бо яны менавіта па тэме Дэкрэта №3, а яшчэ чатыры ― па іншых пытаннях. Проста яны вельмі настойвалі, і я іх запісала”, ― адказваюць у Жодзіна.
Еўрарадыё: А ёсць нейкае абмежаванне па колькасці людзей?
Супрацоўніца гарвыканкама: Мяне не папярэджвалі пра нейкія абмежаванні (па колькасці ― Еўрарадыё), таму запісваю ўсіх.
Гэтаксама без праблем пагаджаюцца запісаць мяне і не прыём да памочніка прэзідэнта ― галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Аляксандра Пазняка ў Віцебскім гарвыканкаме. Нават не пытаючыся, ці па Дэкрэце №3 у мяне пытанне да высокага чыноўніка, ці нейкае іншае пытанне да яго маю. І прызнаюцца, што пакуль запісалася толькі пяць чалавек.
Чаму так мала людзей запісаліся на сустрэчу, становіцца зразумелым з дыялогу з загадчыцай аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Іўеўскага райвыканкама Кацярынай Каратчэня. Менавіта там прыём будзе весці 17 лютага намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Мацкевіч.
Каратчэня: “Ведаеце, толькі ўчора вечарам даведаліся людзі па АНТ пра сустрэчу гэту. І таму пакуль запісаліся толькі тры чалавекі. Але трэці сказаў, што будуць яшчэ людзі. Бо ён пытаўся, ці можна калектыўна запісацца, ці кожны павінен запісвацца паасобку. Я сказала, што гэта ― як ім зручней і як яны лічаць патрэбным. І таму, я думаю, што яшчэ будзе добра людзей”.
Адразу пасля сустрэчы ў Іўі Мацкевіч едзе ў Ліду. Там, кажуць мне ў мясцовым райвыканкаме, на прыём запісаліся 4 чалавекі. Але чакаюць, што жадаючыя яшчэ з’явяцца. Таму што тэма “дармаедства” у Лідзе зараз актуальная.
Лідскі райвыканкам: “Тэма гэтая вельмі актуальная. Але ведаеце ― яна зараз ва ўсёй краіне, відаць, вельмі актуальная”.
І толькі ў Барысаве, дзе 17 лютага будзе прымаць памочнік прэзідэнта ― начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Усевалад Янчэўскі, у мяне, перш чым запісаць, удакладнілі: з якім пытаннем іду да сталічнага чыноўніка? Бо, маўляў, едзе ён гаварыць пра Дэкрэт №3, і з іншымі пытаннямі запісваць не будуць.
Да Янчэўскага на момант майго званка запісаліся 4 чалавекі, але людзі будуць ― пытанне шмат для каго балючае.
Супрацоўніца Барысаўскага райвыканкама: “Канешне, тэма гэтая сярод людзей актуальная. Толькі, магчыма,трэба было гэта троху раней, да таго, як людзі пачалі атрымліваць лісты з падатковай, актывізаваць крыху гэтую работу (праводзіць з людзі тлумачальную працу ― Еўрарадыё). Бо шмат хто прыходзіць проста за тлумачэннямі гэтага Дэкрэта”…
Цікава, што 15 лютага на сайтах райвыканкамаў, дзе будуць праходзіць сустрэчы з прадстаўнікамі прэзідэнцкай адміністрацыі, інфармацыі пра гэта не было. Як і не зразумела: чаму для сустрэч абраныя менавіта гэтыя гарады.