Мінчанка ў Тбілісі: Калі б не навіны, то ніхто б і не ведаў пра разбурэнні

Мінчанка Надзея, якая працуе ў Тбілісі ў рэкламным агенцтве WForte, размясціла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" фота таго, як мясцовыя жыхары добраахвотна дапамагаюць расчышчаць разбураны раён грузінскай сталіцы.

“Не хацела б уводзіць у зман і казаць, што тут увесь Тбілісі разбураны. Насамрэч, каб не навіны, то ніхто б і не ведаў, што тут нешта разбурана, — адразу ж адзначае беларуска. — Напрыклад, турыстычную частку горада ўвогуле не закранула: турысты як гулялі, так і гуляюць, дыскатэкі ўсе адчыненыя і г.д. Адзінае, што ў горадзе цяпер шмат коркаў, бо разбурыла адну з асноўных развязак, і ўсе вымушаныя ехаць па некалькіх дарогах у аб’езд. Папакутавала менавіта тая частка горада, якая ішла ўздоўж ракі. Вось там нібы адбыўся апакаліпсіс”.

Тры асноўныя месцы разбурэнняў — заапарк, жылы раён ды дарожную развязку —  расчышчаюць і аднаўляюць ратавальнікі, паліцыя ды ваенныя. Жыхары ж горада працуюць у гарадскім парку.

“Калі параўноўваць, то гэты парк па памерах прыкладна такі ж, як мінскі “50-годдзя кастрычніка”, — працягвае Надзея. — То бок, ён не вельмі вялікі. Проста ён знаходзіцца на гары, унізе якой цякла рака. І вось напалову яго затапіла, таму ўверсе ён застаўся амаль некранутым, а ўнізе вельмі шмат бруду, паваленых дрэваў і г.д. Плынь людзей туды ідзе няспынна: хтосьці паміж заняткамі прыходзіць, мы, напрыклад, пасля працы, нехта там цэлы дзень увогуле… Але людзей там вельмі шмат, калі наўскідку, то тысяч 20 штодзень”.

У асноўным працуюць студэнты, яны, па словах Надзеі, самыя актыўныя — увесь час стаяць па пояс у брудзе з рыдлёўкамі і расчышчаюць. Паваленыя дрэвы, бруд ды смецце скідаюцца на грузавікі, якія арганізавалі гарадскія ўлады. Усё астатняе — ініцыятыва саміх людзей.

“У горадзе ёсць пункты, дзе прымаюць ежу, ваду, вопратку, медыкаменты ды іншае неабходнае для пацярпелых жыхароў Тбілісі. Прычым можна патэлефанаваць і даведацца, што сапраўды патрэбна, — распавядае Надзея. — Людзі вельмі актыўна дапамагаюць, некаторыя рэчы ўжо проста просяць не прыносіць, бо іх і так зашмат. А вось рыдлёўкі, вёдры, пальчаткі, тую ж ежу ды ваду для валанцёраў і ваенных, ратавальнікаў, паліцыі нясуць ужо асобна, прама на месцы іх працы”.

Колькі нашых суайчыннікаў цяпер дапамагае расчышчаць разбураны раён Тбілісі, Надзея дакладна не ведае. Разам з ёй яшчэ некалькі супрацоўнікаў яе фірмы з Беларусі. Ёсць сярод валанцёраў і іншыя замежнікі, ва ўсякім выпадку, так падаецца дзяўчыне знешне. Не выключае Надзея, што працуюць у парку і медыйныя персоны, бо адчуванне, што горад увесь узняўся на барацьбу з наступствамі стыхіі.

“Людзі вельмі аптымістычна настроеныя, — рэзюмуе беларуска. — Натуральна, усе шакаваныя, і ніхто не рады, што такое адбылося, але, тым не менш, усе сабраліся і дружна працуюць. Хоць, на мой погляд, нягледзячы на такую вялікую колькасць валанцёраў, спатрэбіцца тыдні два, каб усё прыбраць”. 

Нагадаем, у ноч на нядзелю пасля праліўных дажджоў у Тбілісі пачалася паводка, былі затопленыя шматлікія вуліцы. Загінулі 12 чалавек, праводзіцца пошук зніклых без вестак. З заапарку збеглі дзясяткі драпежнікаў і гулялі наўпрост па вуліцах горада.

Кракадзілы, бегемоты, мядзведзі і львы на вуліцах Тбілісі (фота, відэа)

У Тбілісі моладзь выйшла наводзіць парадак пасля стыхійнага бедства (фота)

Фота: cyxymu.livejournal.com ды старонка FB Надзеі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі