На саміт Еўрасаюза прыехалі эколагі, але на "сямейнае фота" не трапілі (фота)

Гэта першая сустрэча Еўрапейскага Савета з таго часу, як пачала дзейнічаць Лісабонская дамова і бельгійскі прэм'ер-міністр Герман ван Ромпэй быў абраны яго першым прэзідэнтам. Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў на традыцыйным "сямейным фота" еўрапейскіх лідэраў На парадку дня саміту — сітуацыя з кліматычнымі перамовамі ў Капенгагене, захады для пераадолення эканамічнага і фінансавага крызісу і прыняццё "Стакгольмскай Праграмы" па супрацоўніцтве ў галіне юстыцыі.

Cтаршыні ўрадаў і прэзідэнты краінаў ЕС правялі сустрэчу з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Ежы Бузэкам і правялі першую працоўную сесію на саміце ЕС, які праходзіць 10-11 снежня. Прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, нядаўна абраная на пасаду Высокага прадстаўніка па супольнай замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, новы Генеральны сакратар Савета П'ер дэ Буасье, які замяніў на гэтай пасадзе Хаўера Салану, таксама прымаюць удзел у Саміце.

Старшынюе на сустрэчы прэм'ер-міністр Швецыі Фрэдрык Рэйнфэлдт. Па сваім прыбыцці ён нагадаў пра важнае новаўвядзенне Лісабонскай дамовы.

Фрэдрык Рэйнфельдт: "Мы шмат гадоў працавалі на тое, каб Лісабонская дамова пачала дзейнічаць. Старая сістэма заключалася ў прэзідэнцтве ў Еўрапейскім Савеце асобы, якая адначасова з'яўлялася старшынём нацыянальнага ўраду. Пры Лісабонскай дамове з'яўляецца пасада пастаяннага прэзідэнта Еўрапейскага Савета, на якую быў абраны Герман ван Ромпэй. Ён заступіць на сваю пасаду першага студзеня наступнага года. Лічу, многія нацыянальныя ўрады вітаюць яго прызначэнне. Да таго ж, ён будзе прадстаўляць ЕС на сустрэчах з іншымі сусветнымі лідэрамі".

Менавіта Герман ван Ромпэй будзе старшыняваць на наступнай сустрэчы Еўрапейскага Савета ў 2010 годзе.

Пачынаючы з 5 гадзін вечара па беларускім часе да ўваходу будынку Савета ЕС адзін за адным пад'язджалі прэзідэнты і прэм'ер-міністры краін ЕС. Фрэдрык Рэйнфэлдт па чарзе вітаў кожнага і размаўляў па некалькі хвілін. У гэты ж час экалагічныя актывісты здолелі падманулі службу бяспекі, выдаўшы сябе за афіцыйную дэлегацыю. Яны ўехалі ў срэбнага колеру мінівэне, падобным на тыя, якімі карыстаюцца еўрапейскія лідэры. Актывісты мелі плакаты з надпісам "ЕС, уратуй Капенгаген", заклікаючы лідэраў краін ЕС больш актыўна вырашаць пытанне глабальнай змены клімату. Канферэнцыя па гэтым пытанні праходзіць гэтымі днямі ў дацкай сталіцы Капенгагене.

Пасля прыбыцця ўсіх старшыняў краін ЕС і іх сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента, прыйшоў час да так званага "сямейнага фота".



Прэзідэнтка Літвы Далія Грыбаўскайтэ размаўляе з прэм'ер-міністрам Грэцыі Георгіясам Папандрэў


Баранэса Кэтрын Эштан, якая займае пасаду Высокага прадстаўніка па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі, з грэцкім прэм'ер-міністрам.


Прэм'ер-міністр Іспаніі Хосэ Луіс Радрыгес Сапатэра. Менавіта Іспанія будзе старшыняваць у Савеце ЕС у першай палове 2010 года.


Прэм'ер-міністры Партугаліі Жазэ Сакратэс, Славеніі — Борут Пахор, Чэхіі — Ян Фішэр (зверху злева направа), Бельгіі — Іў Летэрм, Польшчы — Дональд Туск, Ірландыі — Браян Ковэн, Італіі — Сільвіё Берлусконі (знізу злева направа). Берлусконі быў не вельмі вясёлы і першым пакінуў пакой для «сямейнага фота».


Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, у адрозненні ад Берлусконі, свяціўся ад радасці, і апошнім развітаўся з фотарэпарцёрамі.


Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель.

11 снежня адбудзецца другая працоўная сесія Савета і заключная прэс-канферэнцыя па выніках саміту.

Фота: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі