На складах 10 тысяч трактароў, а МТЗ кліча рабочых на заробак 7 мільёнаў
Трактарны завод абяцае і 10 млн добраму фрэзероўшчыку. Не перашкаджае працаўладкаванню і судзімасць.
Паводле дадзеных “Белстата”, на беларускіх складах прастойвае 10 тысяч трактароў. Тым часам, у галоўным сталічным аўтобусным маршруце №100 актыўна рэкламуюць працу на МТЗ. Сярэдняя зарплата ― шэсць мільёнаў.
“Патрабуюцца трактарысты, слесары-рамонтнікі, слесары механазборачных работ, слесары-інструментальшчыкі, слесары па зборцы металаканструкцый, фрэзероўшчыкі”, ― вярбуюць на завод энергічным голасам.
Спакушаемся на рэкламу і тэлефануем у бюро рабочых МТЗ, цікавімся пасадай фрэзероўшчыка. Тут нас усцешваюць перспектывай заробку яшчэ большай, чым расказалі ў маршруце №100.
― Дык колькі будуць сыпаць у кішэню?
― Сярэдняя зарплата ― сем мільёнаў. Але бывае і па дзесяць, і па сем, і тры, і чатыры і пяць. Але гэта “здзелка”. Як будзеце спраўляцца, такой і выйдзе зарплата.
У бюро рабочых нас запэўніваюць, што нават судзімасць ніякім чынам не паўплывае на працаўладкаванне. Галоўнае ― прынесці працоўную кніжку, пашпарт і ваенны білет.
Паралельна пытаемся “па сакрэце”, ці застаўлены завод трактарамі і ці можна разлічваць, што на МТЗ не здарыцца калапс.
―Якія ў нас могуць быць праблемы? Вы хочаце сказаць Трактарны закрыюць? Ну, дзе вы бачылі, каб Лукашэнка праводзіў скарачэнні? Вы жартуеце?
― Дык жа стаяць непрададзеныя трактары. Калі не будзе куды ставіць, мяне і пагоняць…
―Тое, што завод застаўлены трактарамі ― гэта так. План быў агромісты. Замест 3,5 тысяч трактароў рабілі сем тысяч на месяц. Бо падатак у нас бяруць з выпушчанага трактара, а не з прададзенага. Таму нас прымушалі рабіць такі план. Але ўсё будзе нармальна.
У сакавіку стала вядома пра скарачэнне працоўнага тыдня на МАЗе ― некаторыя падраздзяленні перайшлі на чатырохдзёнку. Але набор новых супрацоўнікаў працягваецца. Цікавімся зарплатай кіроўцаў-выпрабавальнікаў.
“Зарплата тут у нас 8 700 000. Але выпрабавальнікі яшчэ ў камандзіроўкі ездзяць, перагонамі займаюцца, ― расказвае адзін з мазаўскіх кадравікоў. ― А тыя кіроўцы-выпрабавальнікі, якія на акладзе, маюць 5 500 000. І тут, вы самі разумееце, ёсць праца, няма ― а аклад заўжды будзе.
― Цудоўна, але я былы зэк. Гэта нічога?
― Нічога страшнага, мы на гэта не глядзім. Нам галоўнае, каб чалавек быў ― не летуценнік.
Што тычыцца крызісу на МАЗе, то ў розных упраўленнях па гэтым пытанні аказаліся па-рознаму. Дзесьці кажуць, што крызіс мінуў і на чатырохдзёнцы толькі нязначныя падраздзяленні МАЗа. Дзесьці папярэджваюць, што з-за чатырохдзёнкі зарплаты зменшыліся.
Як бы там ні было, новым кадрам на беларускіх гігантах машыннай вытворчасці вельмі радуюцца. А зарплаты такія ― што пазайздросцяць і настаўнікі, і ўрачы.
Спадарожнікавы здымак МТЗ
Фота technotorg.com